2006-03-21 14:10:13

Пад знакам Ісуса ( № 7)


У мінулы раз мы закранулі тэму распаўсюджвання хрысціянскай веры сярод язычніцкіх народаў, бо Хрысціянства з самага пачатка развівала думку аб неабходнасці “Міссіі”, з мэтай заснавання новых суполак, дзе б славілі імя Ісуса. Бо калі настане час, усе народы стануць адзіным, сапраўдным народам Божым, адкупленым і асвечаным крывёю Хрыста. Смела можна казаць, што самым знакамітым падарожнікам-місіянерам быў Святы Павел. У перыяд з 43 па 57 год у сваіх першых трох падарожжах Павел пабываў на Кіпры, дзе ён навярнуў у хрысціянства праконсула Сергія Паўла, у Малой Азіі, у Грэцыі. Падлічана, што ён прайшоў больш за 40 тысяч кіламетраў, улічваючы і яго апошняе падарожжа ў Рым, ужо як вязьня.
Павел нарадзіўся каля 10 года ў сям’і юдэя ў горадзе Тарс, правінцыі Кілікія, цяпер гэта землі Турцыі. Але бацька яго быў рымскім грамадзянінам і ён, адпаведна, таксама. Бацькі выхавалі яго ў “айцоўскім Законе”. Ён чытаў па-габрэйску і свабодна размаўляў на грэцкай і арамейскай мовах. Заўзяты абаронца Закона Майсея і традыцый продкаў, Павел, якога тады яшчэ звалі Саўл, пераследваў хрысціянаў. Ён выпрасіў пісьмы ў першасвятара да сінагогаў сірыйскага горада Дамаск, каб, калі знойдзецца нехта з паслядоўнікаў навукі Хрыста, мужчына або жанчына, іх звязваць і прыводзіць у Ерусалім.
Шлях да Дамаска займаў восем дзён. Па адзінку не хадзілі – па дарозе рабавалі, асабліва ў Самарыі. Вякамі габрэі зневажалі самаранаў і наадварот. Падарожнікаў суправаджалі два рымскія салдаты. Яны вызначылі Саўла ад іншых падарожнікаў, гутарылі з ім, называючы яго на лацінскі лад Паўлам. Паўлам ён стаў і для астатніх. Выйшаўшы за сцены Ерусаліма, ён атрымаў новае імя, якое потым панясе гісторыя.
Шлях праходзіў праз горы і даліны, спечаную зямлю і скалы. Праз тры дні Павел ступіў у Дамаскую даліну. І вось ужо на дарозе ў Дамаск “раптам асляпіла яго ззянне з неба; ён упаў на зямлю і пачуў голас, які сказаў яму: Саўл, Саўл, што ты гоніш Мяне? Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш...Ён у страху і жудасці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць” (Дзеі, 9). У Пасланнях Апостала Паўла не ўзгадваецца аб тым, як ён атрымаў хрост. Але апостал Лука ў “Дзеях Апосталаў” засведчыў як гэта адбылося і як Павел трапіў у хрысціянскую суполку. Адзначаецца, што Саўл аслеп і яго за руку прывялі ў Дамаск, дзе той тры дні нічога не бачыў, не еў і не піў. У Дамаску аслепшага Саўла наведваў Ананія, юдэй, навернуты ў Хрысціянства, якому Госпад явіўся ў відзенні. У Дзеях Апосталаў так пададзены гэты эпізод:
“Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты бачыў і напоўніўся Духам Святым. І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысціўся” (Дзеі, 9). Аўтар Дзеяў падкрэслівае вялікую значнасць Ананія, як прадстаўніка суполкі Дамаска. Ён хоча паказаць, што нават асаблівае пакліканне Паўла не памяньшае ролю мясцовай Царквы. Аб’яднаная і асвечаная Святым Духам, яна мела моц перадаць Яго Паўлу. І прыкладна з 43-га года ён пачаў сваё першае місійнае падарожжа.
Павел абайшоў Сірыю, Малую Азію, наведаў Македонію і Грэцыю. Ён заснаваў царкву Хрыстову на Балканах. Невядома, хто і калі сабраў у адну кнігу выбраныя пасланні Апостала. Вядома, што Павел накіроўваў пасланні Святому кліменту Рымскаму ў 90-я гады, Святому Ігнацію Антыахійскаму, Святому Палікарпу Смірнскаму.
Па дамоўленасці з Пятром у Ерусаліме, Павел павінен быў прапаведваць Евангелле сярод язычнікаў, а сам Пётр – сярод юдэяў. У сапраўднасці падобны падзел быў вельмі ўмоўны, бо Павел быў не адзіным вандруючым прарокам на тых землях. Да таго ж у гарадах, дзе ён пабываў, ён звяртаўся з пропаведдзю і да юдэяў. Ускладненні не прымусілі сябе доўга чакаць. Спачатку – з юдэямі, сярод якіх пасля прапаведвання Паўла пачаліся разнагалоссі. У горадзе Лістр, на тэрыторыі сёняшняй Турцыі, юдэі пабілі яго камянямі і выкінулі за сцены горада, палічыўшы мёртвым. У македонскім горадзе Філіпы Паўла абвінавацілі ў падбухторванні народа і пасадзілі ў цямніцу. Але там ён не страціў веру і аднойчы апоўнач там адбыўся моцны землятрус ад якога адчыніліся дзверы і на ўсіх вязьнях аслаблі кайданы. Пад час гэтай падзеі Павел навярнуў у Хрысціянства ахоўніка цямніцы, які хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі. Павел правёў некалькі гадоў у грэцкім горадзе Эфес, цяпер гэта Турцыя, магчыма, што ён і там быў у зняволенні. Справа ў тым, што ў тым горадзе пакланяліся багіне Артэмідзе, і сярод рамеснікаў, якія працавалі дзеля ўслаўлення культу Артэміды, пачаўся мяцеж, яны баяліся, што страцяць працу з-за паспяховых пропаведдзяў Паўла. Потым, у Ерусаліме, хрысціяне з юдэяў палічылі, што ён адвяртае юдэяў, якія прынялі Хрысціянства, ад Закона Майсея. Гэтае абвінавачванне было ілжывым, Павел ніколі не забараняў нованавернутым працягваць жыць па законам продкаў. Аднак некаторыя сябры Ерусалімскай суполкі перасталі давяраць яму. Яны паслалі сваіх уласных місіянераў у Галацію, туды, дзе Павел пабываў пад час свайго другога падарожжа. Яны сцвярджалі: калі хочаце верыць у Ісуса, трэба спачатку выконваць запаведзі Старога Запавету. Узрушаны Павел напісаў Пасланне да Галатаў, у якім растлумачыў, што чалавек апраўдваецца не справамі Закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста







All the contents on this site are copyrighted ©.