2006-03-10 09:16:08

Пасланне Свяцейшага Айца з нагоды 60 гадавiны Львоўскага псеўдасабора.


8 сакавiка пад час Архiрэйскай лiтургii з нагоды 60 гадавiны Львоўскага псеўдасабора, якую ўзначалiў галава Украiнскай грэка-каталiцкай Царквы кардынал Любамiр Гузар, было зачытана пасланне Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI°, напiсанае ў сувязi з падзеямi, якiя адбылiся ў 1946 годзе ў Львове.
«На жаль, - пiша Папа, - у гэтыя сумныя днi сакавiка 1946 года невялiкая група святароў, якая сабралася на псеўдасынодзе, узяла сабе права прадстаўляць Царкву i здзейснiла жудаснае злачынства супраць царкоўнай еднасцi. Пасля гэтага ўзмоцнiлася насiлле супраць тых, што засталiся вернымi лучнасцi з Бiскупам Рыму, i гэта абумовiла далейшае цярпенне i прымусiла Царкву схавацца ў падполлi. Але негледзячы на вялiкiя пакуты i выпрабаваннi, Божы Провiд не дазволiў знiкнуць той суполцы, якая на працягу стагоддзяў лiчылася законнай i жывой складаючай часткай iдэнтычнасцi ўкраiнскага народа. Грэка-каталiцкая Царква ўласным прыкладам працягвала сведчыць, што Хрыстовая Царква з'яўляецца адзiнай, святой, саборнай i апостальскай», - зазначыў у сваiм пасланнi Бенедыкт XVI°.
Наша гiстарычная даведка: Згаданы сабор Украiнскай грэка-каталiцкай Царквы адбыўся 8-10 сакавiка 1946 года па iнiцыятыве трох святароў – Гаўрыiла Касцельнiка, Мiхала Мельнiка i Язэпа Пельвецкага.
Яны прадстаўлялi тры епархii Галiцкай мiтраполii – Львоўскую, Перамышльскую (цяпер знаходзiцца на тэррыторыi Польшчы) i Станiслаўскую (у 1962 годзе Станiслаў пераiменаваны ў Iвана-Франкоўск). Iнiцыатыўная група была зацверджана Саветам народных камiсараў УССР як “часовы царкоўна-адмiнiстратыўны ворган Грэка-каталiцкай Царквы” з мэтай яе аб’яднання з Рускай праваслаўнай Царквой Маскоўскага патрыярхата. Напярэдаднi сабора былi арыштаваныя ўсе ерархi Украiнскай грэка-каталiцкай Царквы на чале з мiтрапалiтам Язэпам Слiпым. У сакавiку 1946 года яны былi асуджаны на доўгiя тэрмiны зняволення, у той час як удзельнiкi псеўдасабора выказалiся за лiквiдацыю Берасцейскай вунii 1596 года, разрыў адносiнаў з Апостальскiм пасадам i за аб’яднанне з РПЦ МП.
Згаданы сабор лiчыцца незаконным i не адпавядаючым Кананiчнаму праву Каталiцкай Царквы, бо пад час яго былi парушаны некаторыя царкоўныя каноны, члены iнiцыатыўнай групы яшчэ да сабора перайшлi ў праваслаўе, а на ўдзельнiкаў сабора аказваўся цiск з боку савецкай улады. Пасля фактычнага скасавання УГКЦ на тэррыторыi СССР гэта Царква працягвала сваё служэнне за мяжой у асяродку ўкраiнскай дыяспары, а многiя святары ў самой Украiне працягвалi служыць падпольна. Рашэннi Львоўскага псеўдасабора былi ануляваны ў 1989 – 1990 гадах пасля выхаду УГКЦ з падполля.







All the contents on this site are copyrighted ©.