2006-03-06 14:45:33

У Бельгii знойдзена невядомая карцiна з выявай св.Францiшка Ксаверыя.


У доме айцоў-езуiтаў у Брюгге /Бельгiя/ знойдзена карцiна фламандскага мастака Карнэлiя Схюта (гады жыцця 1597 – 1655), на якоў выяўлены св.Францiшак Ксаверый пад час хросту iндыйцаў. Карцiна напiсана маслам на палатне, памеры якога 104 на 82 см. Гэта так званы “боццетто” – значыць падрыхтоўчы эскiз для алтарнай карцiны, замоўленай мадрыдскiмi езуiтамi для касцёла св.Францiшка Ксаверыя, асьвячанага ў Мадрыдзе ў 1651 годзе. Вядомы мастак-езуiт Данiэл Сегерс быў пасрэднiкам пры аплаце i дастаўцы карцiны. Праз некаторы час яна была перанесена на лесьвiцу Коллехiо Iмперiаль, якая знаходзiцца абок са згаданым касцёлам. Пасля забароны Таварыства Езуса ў 1773 годзе карцiна апынулася ў парафiяльным касцёле Святога Крыжа ў Ретамарэ, гарадке на ўскраiне Мадрыду, а потым была знiшчана пад час Гiшпанскай грамадзянскай вайны.
У якасцi мастака Корнелiс Схют, якi, магчыма, быў вучнем славутага Петера Пауля Рубенса, карыстаўся даверам айцоў-езуiтаў. Ягоныя працы магчыма знайсцi ў касцёлаў фламандскiх езуiтаў у Антвэрпене, Генте, Iеперы i Лiры, а таксама ў езуiцкiм касцёле ў Кёльне. Акрамя таго, ён пiсаў карцiны для антверпенскага дома Таварыства Езуса. Мастак захапляўся айцамi-езуiтамi, нават назваў свайго трэццяга сына Iгнатам, у гонар заснавальнiка Таварыства Iгната Лайолы. Якiм чынам згаданае “боццетто” апынулася ў Брюгге невядома.







All the contents on this site are copyrighted ©.