2006-02-28 13:47:18

Праваслаўныя студэнты з Грэцыі ў Папы


У панядзелак 27 лютага Папа Бэнэдыкт 16 прыняў на прыватнай аўдыенцыі групу студэнтаў Грэцкай Праваслаўнай Царквы. У сваёй прамове да іх Папа падкрэстліў пазытыўнае разьвіцьцё адносінаў паміж абедзьвума Цэрквамі як знак надзеі. Далей Сьвяцейшы Айцец прыпомніў, што пасьля візіту ягонага панярэдніка у Грэцыю ўзьнята шэраг ініцыятываў супрацоўніцтва. Яны служаць лепшаму ўзаемнаю пазнаньню ды фармацыі маладых пакаленьняў. Абмен візітаў, навуковыя стыпэндыі ды супрацоўніцтва на выдавецкай ніве паказаліся пасьпяховымі для разьвіцьця дыялогу і паглыбленьня любові паміж абедзьвума Цэрквамі.
Мы мусім узаемна супраціўляцца выклікам, якія пагражаюць веры і даглядаць духоўныя асновы, якія на працягу вякоў кармілі Эўропу—сказаў далей Сьвяцейшы Айцец. Трэба ўмацоўваць хрысьціянскія вартасьці, падтрымліваць мір і перагаворы таксама ў цяжкіх умовах. Трэба паглыбляць тыя элемэнты веры і царкоўнага жыцьця, якія могуць давесьці нас да поўнага адзінства ў веры і любові—асабліва цяпер, калі афіцыяльны тэалагічны дыялог паміж Каталіцкім Касьцёлам і Праваслаўнаю Царквою паўторна ўздымаецца з новаю энэргіяю. На заканчэньне сустрэчы з грэцкімі праваслаўнымі студэнтамі Папа перадаў прывітаньні праваслаўнаму арцыбіскупу Афінаў Хрыстодулёсу, прыпамінаючы ягоны ўдзел ва ўрачыстасьцях паховін Папы Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.