2006-02-28 13:58:32

Пад знакам Ісуса ( № 4)


Сёння, як і ў мінулы раз мы, мы працягнем разглядаць жыццё і вераванні першых хрысціянаў, сярод якіх былі людзі з самых розных народнасцяў, рознага дастатку і грамадзкага стану. Яны не мелі нават самага малога шанса аб’яднацца, калі б яны не мелі моцную веру. Усе яны ў той ці іншай форме верылі, што Ісус – гэта Хрыстос, або Месія. Ён быў забіты, але Бог уваскрасіў Яго, разарваўшы повязі смерці, і Ён быў узнесены Божай воляй і сядзіць цяпер праваруч Бога на вякі вечныя. Святы Дух зыйшоў праз Яго на вучняў, якія, прыняўшы яго дары, набылі здатнасць ацаляць хворых, выганяць духаў і рыхтавалі вернікаў да новага прыхода Збавіцеля. Бо першыя хрысціяне верылі ў новае прышэсце Ісуса. Яны верылі, што Ён прыйдзе, каб перамагчы сілы Зла і аб’явіць на зямлі Валадарства Божае. “Маран афа”, – маліліся першыя хрысціяне, што на арамейскай мове азначае: “Гасподзь, прыйдзі!”
Святы Лука, які напісаў не толькі Евангелле, але і “Дзеі Апосталаў”, засведчыў, што першая значная хрысціянская суполка была сфарміравана ў Ерусаліме. Прычына гэтага была зразумелай: Ерусалім быў горадам Боскай праўды для ўсіх без выключэння юдэяў. У некаторых тэкстах Святога Пісьма прадказваецца, што аднойчы ўсе народы павінны аб’яднацца там у адзін сапраўдны народ. Таму менавіта ў Ерусаліме і сабраліся першыя хрысціяне.
Лука Грэк, сапраўднае імя якога і месца нараджэння невядомыя, мог быць родам з грэцкага горада Філіппы ў Македоніі або з Сірыі. Накіраваны Святым Духам, Лука да 80-га года паслядоўна выкладаў жыццёпіс Ісуса і нараджэнне першай суполкі, працягваў апавяданне Евангелля ў “Дзеях Апосталаў”, надаў часу ад Нараджэння Ісуса да прыбывання Паўла ў Рыме форму святой гісторыі. Ён перастаўляў даты і месцы падзеяў дзеля таго, каб паказаць, як Добрая Вестка выйшла за межы Ерусаліма, каб распаўсюдзіцца па ўсёй Рымскай імперыі. Лука падкрэсліў лаяльныя адносіны хрысціянаў да Рыма і яго валадароў і вельмі строга адносіўся да Юдаізма. Пачынаючы з ІІ-га стагоддзя яго атаесамляюць з “лекарам улюблёным”, аб якім ідзе гаворка ў трох Пасланнях Апостала Паўла.
У “Дзеях Апосталаў” Лука так апісаў хрысціянскую суполку: “Яны ўвесь час заставаліся ў навуцы Апосталаў, у абыходзе і ў ламанні хлеба і ў малітвах. Быў жа страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чыніліся праз Апосталаў у Ерусаліме. А ўсе вернікі былі разам і ў іх было супольнае. І прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага. І кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб прыймалі страву ў радасці і шчырасці сэрца, праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народа. А Гасподзь штодня дадаваў Царкве тых, хто ратаваўся” (Дзеі., 2).
Як і юдэі, хрысціяне збіраліся на братэрскія трапезы, які зваліся “агапы”. Яны мелі таксама “трапезы Гасподнія”, або “ламанне хлеба” пад час якіх яны ўзгадвалі Тайную Вячэру і словы Ісуса: “Я ёсць хлеб жыцця, хлеб, які зыходзіць з нябёсаў”.
Лука яшчэ напіша аб складанасцях і разнагалоссях, якія з часам з’явяцца паміж рознымі накірункамі ў Хрысціянстве. Пакуль жа, ля вытокаў веры, панавала агульнае яднанне. Тыя ўто паверылі мелі адно сэрца і адну душу, яны збіраліся па хатах, узносілі хвалу Госпаду, чыталі “Ойча наш” – малітву, якой іх навучыў Ісус, перачытвалі Святое Пісанне, Закон Майсея і Кнігу прарокаў. Збіраліся яны і на братэрскія трапезы, дзе паўтаралі словы і жэсты Ісуса вакол хлеба і віна. Жыццё хрысціянскай суполкі не было ізаляваным і манаскім, яно было адкрытым для ўсіх, да каго была звернута Добрая Вестка. Суполка расла, і па меры прыходу новых сяброў станавілася неабходнай адмысловая арганізацыя. Сярод вернікаў бязспрэчны аўтарытэт мелі тыя, хто бачыў і чуў Хрыста. Іх называлі Дванаццацю апосталамі, хаця пазней “апосталамі” пачалі называць і іншых паслядоўнікаў Ісуса. Дабравешчанні Апосталаў былі для першых хрысціянаў сувяззю з Настаўнікам. Іх надхнялі расказы аб прыповесцях Ісуса, аб цудах, якія Ён здзейсніў, аб Яго пакутах. Сярод першых Апосталаў галоўная роля безумоўна належала Пятру.
У тых жа “Дзеях Апосталаў” мы бачым Пятра, які, падобна свайму настаўніку Ісусу, ацаляе хворых. Пётр карыстаўся вялікім аўтарытэтам у хрысціянаў палестынскіх суполак. Ён, як галава Апосталаў, абвяшчаў у Дзень Пяцідзесятніцы і цярпіма адносіўся да хрысціянаў з язычнікаў. У Новы Запавет уваходзяць два Апостальскіх Пасланні Пятра. Невядома, хто на самой справе запісаў гэтыя пасланні, але тое, што іх аўтарам лічыцца Пётр, яшчэ раз сведчыць аб яго аўтарытэце, якім той карыстаўся сярод першых паслядоўнікаў Хрыста. Дакладных дадзеных аб тым, калі Пётр прыбыў у Рым таксама няма, аднак ў сярэдзіне ІІ-га стагоддзя біскуп Гіерапольскі Папій сцвярджаў, што менавіта ў Рыме, са словаў Пятра, Марк напісаў сваё Евангелле, якое лічыцца найбольш старажытным.
У сабраннях першых хрысціянскіх суполак цэнтральнае месца займала сумесная трапеза і гэта прывяло да неабходнасці ўвядзення служэння за сталом, каб усе ў роўнай меры маглі прыймаць ежу і слухаць слова Божае. Апосталы даверылі служыць за сталом дыяканам. На грэцкай мове слова “дыякан” азначае таго, хто служыць за сталом. Жанчыны таксама займалі значнае месца ў той першай хрысціянскай суполцы: некаторыя з іх суправаджалі Ісуса ў яго вандраваннях і, у адрозненні ад вучняў, не пакінулі яго і прысутнічалі пры ўкрыжаванні. Хрыстос вярнуў жанчыне аднятую ў яе чалавечую годнасць. З таго часу месца жанчыны было не толькі ў хаце, яны маліліся разам з мужчынамі, што для таго часу было зусім новай з’явай.







All the contents on this site are copyrighted ©.