2006-02-13 14:35:39

260 угодкi з дня нараджэння Т. Касцюшкi.


У Беларусi адзначылі 260-ю гадавiну з дня славутага сына нашай зямлi — Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі.
Памяць аб Андрэi Тадэвушы Банавентуры Касцюшке (гэта поўнае iмя нашага земляка, нададзенае яму пад час хросту) вырашылi ўшанаваць акрэдытаваныя ў Беларусi дыпламаты з розных краінаў, а таксама прадстаўнікі мясцовай грамадскасці. Пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол наведаў вёску Малыя Сяхновічы, дзе знаходзіцца пакуль адзіны на ўсю Беларусь помнік Касцюшку. У мясцовай школе амерыканскі дыпламат агледзеў экспазіцыю невялікага музея. У Жабінкаўскім раёне спадар Крол, разам з дэлегацыяй нацыянальнай вайсковай акадэміі з амерыканскага горада Уэст-Пойнт ушанаваў памяць загінуўшых пад час паўстання 1794 года, якіх узначальваў Тадэвуш Касцюшка.
Галоўная ж ўрачыстасць адбылася ў былым радавым фальварку Касцюшкаў Мерачоўшчына, што ў Івацэвіцкім раёне, якi быў нядаўна адрэстаўраваны пры матэрыяльнай дапамозе ЗША.
Нажаль у тутэйшым музэi пакуль яшчэ вельмi мала экспанатаў. Таму адмiнiстрацыя музэя з падзякай прыняла ад амерыканскiх гасцей фрагменты фартыфікацыйных забудоў, узведзеных у ЗША пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Госцi прывезлi таксама ў падарунак супрацоўнiкам музэя сучаснае камп’ютэрнае абсталяванне.
Са свайго боку, часовы павераны ў справах Рэспублiкi Польшча ў Беларусі спадар Аляксандр Васілеўскі заявiў, што ягоная краiна возьме ўдзел у праектаванні і пабудове помніку Тадэвушу Касцюшку ў ягоных родных мясцінах.







All the contents on this site are copyrighted ©.