2018-05-17 13:40:00

Святы Пасад: этычны аналіз эканамічна-фінансавай сітуацыі


На неабходнасць стварэння новых эканамічных і фінансавых мадэляў, накіраваных на развіццё супольнага дабра, звяртае ўвагу новы дакумент Апостальскай Сталіцы “Oeconomicae et pecuniariae quaestiones” (Эканамічныя і фінансавыя пытанні). Ён быў падрыхтаваны Кангрэгацыяй Веравучэння і Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і прысвечаны этычнаму аналізу актуальнай эканамічна-фінансавай сітуацыі ў свеце.

Дакумент быў апублікаваны 17 мая 2018 г., пасля ўхвалення Святым Айцом, які, дарэчы, быў ініцыятарам яго распрацоўкі. У Зале Друку Апостальскай Сталіцы прайшла яго прэзентацыя, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі ўзгаданых ватыканскіх дыкастэрый: арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр і кардынал Пітэр Тарксан, а таксама італьянскія эканамісты.

Са спасылкай на энцыкліку Францішка “Laudato si’”, у дакуменце падкрэсліваецца, што ключ кожнага сапраўднага развіцця – гэта “любоў да супольнага дабра, неадлучнага ад любові да праўды”. Каб спрыяць такому развіццю, фундаментальна важнай з’яўляецца “этычная праніклівасць”, таму Касцёл лічыць адным з сваіх галоўных абавязкаў нагадаць усім пра некаторыя этычныя прынцыпы.

Адзначаецца, што нядаўні глабальны фінансавы крызіс мог стаць нагодай для развіцця новай і больш уважлівай да этычных прынцыпаў эканомікі, а таксама новага кіравання фінансавай дзейнасцю, “нейтралізуючы драпежніцкія і спекулятыўныя аспекты і надаючы большае значэнне служэнню рэальнай эканоміцы”. У дакуменце з жалем падкрэсліваецца, што, нягледзячы на “станоўчыя намаганні на розных узроўнях”, не адбылося “рэакцыі, якая б прывяла да пераасэнсавання састарэлых крытэрыяў, якія працягваюць кіраваць светам”.

У дакуменце асуджаецца ўзбагачэнне праз злоўжыванне дамінуючай пазіцыяй або нанясенне шкоды калектыўнаму дабрабыту. Адзначаецца, што сёння рынкі служаць багацейшай меншасці і прыносяць прыбытак у той меры, у якой ствараюць “глыбока амаральную культуру”.

“На кон пастаўлены сапраўдны дабрабыт большай часткі жыхароў нашай планеты, якія ўсё больш рызыкуюць быць выціснутымі на ўзбочыну або нават быць выключанымі і пазбаўленымі доступу да прагрэсу і сапраўднага дабрабыту, у той час як некаторыя меншасці эксплуатуюць і захоўваюць толькі для сябе велізарныя рэсурсы і багацці, будучы абыякавымі да стану большасці”, - гаворыцца ў дакуменце.

Паводле Апостальскай Сталіцы, у кантэксце глыбокай няроўнасці, неабходна пераасэнсаваць эканамічныя мадэлі. Трэба аднавіць усё па-сапраўднаму гуманнае, пашыраючы гарызонты розуму і сэрца. Падкрэсліваецца, што “абавязкам кампетэнтных і адказных асоб з’яўляецца распрацоўка новых форм эканомікі і фінансаў з правіламі і палажэннямі, накіраванымі на развіццё супольнага дабра”.

Эканоміка павінна разглядацца як прылада не панавання, а служэння. “Грошы павінны служыць, а не кіраваць”, - адзначаецца ў дакуменце і выказваецца спадзяванне, што ў свеце існуе вялікая колькасць фінансістаў і біржавых інвестараў, “натхнёных добрымі і слушнымі намерамі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.