2018-05-11 13:05:00

Папа да нямецкіх католікаў: мір пачынаецца з добрых слоў


Для дасягнення міру фундаментальна важнымі з’яўляюцца “нашы хрысціянскія намаганні ў сям’і, у нашых школах і навучальных установах, але таксама, і ў першую чаргу, у палітыцы”, падкрэсліў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў 101-га Дня нямецкіх католікаў – “Katholikentag”, які пачаўся 9 мая 2018 г. у Мюнстэры. Сёлетні форум прысвечаны тэме міра. У яго адкрыцці прыняў удзел Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Самай важнай тэмай у публічнай дыскусіі аб рэлігіі з’яўляецца “праблема фанатызма і схільнасці да насілля”, таму што “паўсюль, дзе чалавек не ўспрымаецца як Божы дар”, прысутнічае “нязгода, крыўда і нянавісць”, падкрэсліў у сваім пасланні Святы Айцец. “Будзьце носьбітамі міру, адказнасці і міласэрнасці, асабліва для маладога пакалення”, - заклікаў ён.

Францішак нагадаў, што 370 гадоў таму – ў 1648 г., – менавіта ў Мюнстэры быў заключаны Вестфальскі мір, які паклаў канец знішчальнай Трыццацігадовай вайне. “Было вырашана, што ваенныя забойствы, якія чалавек здзяйсняў, нават злоўжываючы імем рэлігіі, павінны спыніцца. “Katholikentag”, які праходзіць у Мюнстэры, нагадвае нам, што гледзячы на гісторыю, трэба вучыцца міру для будучыні”, - адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць намаганняў, якія хрысціяне пакліканны прыкладаць на карысць міру. “Мір можа таксама пашырацца, калі хрысціяне розных канфесій, у паяднаным сведчанні сваёй прыналежнасці да Хрыста, будуць публічна і супольна дзейнічаць у грамадскім жыцці”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён заўважыў таксама, што мір патрабуе супрацоўніцтва паміж усімі людзьмі добрай волі, незалежна ад іх паходжання і веравызання.

Паводле Францішка, мір пачынаецца таксама праз мову чалавека, праз добра падабраныя словы. “Мір пачынаецца ад слоў, якія на пабаденства хлеба ўмацоўваюць, падтрымліваюць, з’яўляюцца поўнымі дабра, недвухсэнсоўнымі, абуджаючымі давер. Міру служаць словы, якія мы прамаўляем у грамадскім і касцёльным жыцці, у сямейным і сяброўскім асяроддзі, на працы і ў вольны час”, - напісаў Папа да ўдзельнікаў сустрэчы нямецкіх католікаў.

Сёлетні “Katholikentag” праходзіць 9-13 мая 2018 г. на тэму “Шукай міру”. Чакаецца, што мерапрыемствы, арганізаваныя у рамках форума наведае каля 70 тыс. чалавек, а ў дыскусіях будуць браць удзел, між іншых, дзевяць членаў нямецкага ўраду, у тым ліку Канцлер Германіі Ангела Меркель.








All the contents on this site are copyrighted ©.