2018-05-01 14:27:00

Святы Айцец даў парады каталіцкім журналістам


Каталіцкія журналісты павінны вучыць думаць, быць уважлівымі да сацыяльных праблем і не зводзіць вобраз рэчаіснасці да пэўнай “карыкатуры”, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі газеты італьянскага епіскапату “Avvenire”. Аўдыенцыя адбылася 1 мая 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу і была прымеркавана да 50-годдзя выдання.

Пантыфік заклікаў журналістаў не задавольвацца бачаннем таго, што бачаць усе іншыя, і не пакідаць па-за ўвагай нікога. “Няхай ніхто не вызначае вашу павестку дня, акрамя бедных, апошніх і пакутуючых. Не памнажайце шэрагі тых, хто спяшаецца распавесці пра тую частку рэчаіснасці, якая ўжо асветлена сафітамі свету. Пачынайце з перыферый, усведамляючы, што яны з’яўляюцца не канцом, а пачаткам горада”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу пра працэсы рэарганізацыі, якія перажываюць СМІ італьянскага епіскапата ў сувязі з новымі магчымасцямі і патрэбамі “лічбавай культуры”. Ён падкрэсліў, што аналагічныя працэсы адбываюцца ў камунікацыйнай сістэме Апостальскай Сталіцы. Паводле Францішка, у гэтым кантэксце варта пазбягаць нездаровай прывязанаці да мінулага. “Сапраўднымі служыцелямі традыцый з’яўляюцца тыя, хто памятаючы пра іх, здольны распазнаваць знакі часу і адкрывацца на новыя этапы шляху”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец заклікаў журналістаў не стамляцца “з пакорай шукаць праўду”, абапіраючыся на евангельскае пасланне. Спасылаючыся на словы Паўла VI ён заўважыў, што каталіцкія выданні павінны вучыць чытачоў думаць і выносіць суджэнні. Пры гэтым трэба пазбягаць празмернай строгасці, якая “душыць і знявольвае”, не змяшчаць “у клетку Святога Духа”, але “дазваляць Яму распрасцерці крылы, каб можна было Ім дыхаць у глыбіні душы”. Трэба рабіць так, каб “рэальнасць ніколі не саступала месца ілюзіям, прыгажосць – вульгарнасці, сацыяльнае сяброўства – канфліктнасці”, лічыць Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на хуткасць патокаў інфармацыі ў сучасным свеце, якая нават пераўзыходзіць здольнасць яе асэнсавання. Ён заклікаў журналістаў пазбягаць павярхоўнай інфармацыі, але “адбудоўваць кантэксты і тлумачыць прычыны”, спрыяючы сустрэчы паміж людзьмі і меркаваннямі.

“Як Касцёл мы таксама падвергнуты ўздзеянню і ўплыву культуры ўсяго хуткага і павярхоўнага: больш чым досвед, цэніцца тое, што спантаннае, што знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі і можа быць спажыта неадкладна; больш чым параўнанню і глыбокаму аналізу, мы рызыкуем паддацца душпастырству апладысментаў, уніфікацыі мыслення, распаўсюджанай дызарыентацыі меркаванняў, якія не сустракаюцца паміж сабой”, - сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў журналістаў глыбока разважаць аб працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве, даючы голас каштоўнасцям, якія ўкаранёныя ў “калектыўнай памяці, а таксама культурных і духоўных скарбах народа”. Неабходна “спрыяць нясенню ў сацыяльны, палітычны, эканамічны свет чуласці і прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла”, з вернасцю даючы ім тлумачэнне і сведчанне, лічыць ён.

Паводле Францішка, для супрацоўнікаў сферы камунікацыі важнай з’яўляецца здольнасць “адключацца ад шуму гэтага свету і сваёй уласнай балбатні”, каб у слуханні і разважанні адкрывацца на словы і гісторыю іншага чалавека. Варта “знайсці сэнс у здаровай павольнасці, супакоі і цярплівасці”, каб не згубіць уласныя “культурныя карані” і быць здольнымі заўважаць аблічча Хрыста ў абліччах людзей, сказаў Папа.

Яшчэ адна парада Пантыфіка тычылася адкрытасці на дыялог, які дазваляе перамагчы падазрэнні і страх. “Дыялог аб’ядноўвае, устанаўлівае адносіны, развівае культуру ўзаемнасці. Касцёл, калі становіцца будаўніком дыялогу, ачышчаецца і атрымлівае дапамогу ў разуменні веры”, - перакананы Святы Айцец.

“Avvenire” была заснавана 4 снежня1968 г. у Мілане па ініцыятыве папы Паўла VI, які лічыў неабходным стварыць газету, якая выконвала бы функцыю “прылады евангелізацыі і дыялогу з сучасным светам”. У апошнія гады яна знаходзіцца на сёмым месцы сярод самых папулярных італьянскіх перыядычных выданняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.