2018-05-01 12:29:00

Кардынал Пэл адкажа на абвінавачванні перад судом


Аўстралійскі кардынал Джордж Пэл чарговы раз запэўніў у сваёй невінаватасці і падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае. 1 мая 2018 г. мельбурнскі суддзя Бэлінда Уолінгтон пастанавіла, што іерарх павінен будзе прадстаць перад судом па абвінавачванні ў прынамсі адным выпадку сексуальнага злоўжывання. Адначасова былі адхілены некалькі іншых – падобных і найбольш цяжкіх, – абвінавачванняў супраць кардынала.

Апостальская Сталіцы прыняла да ведама рашэнне прынятае аўстралійскімі судовымі органамі, а Папа пакінуў у сіле прадстаўленую іерарху ў мінулым годзе магчымасць вярнуцца ў Аўстралію, каб абараніць сябе, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

76-гадовы кардынал Пэл, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы, абвінавачваецца ў сексуальных злоўжываннях, якія, паводле следства, мелі месца ў 1970-х і 1980-х гадах, калі ён быў яшчэ святаром, і на пачатку 2000-х гадоў, калі ён быў арцыбіскупам Мельбурна. Расследаванне справы пачалося ў 2012 г. пасля дзесяці гадоў ціску меркаваных ахвяраў.

Іерарх катэгарычна абвяргае ўсе выстаўленыя супраць яго абвінавачванні. Ён заявіў аб сваёй невінаватасці, фальшывасці абвінавачанняў і рашучай гатоўнасці даказаць гэта. Кардынал-прэфект падкрэсліў, што добраахвотна прыбыў у Аўстралію з Ватыкана, каб зрабіць гэта. 

Высокі ватыканскі іерарх на працягу дзесяцігоддзяў адкрыта і неаднаразова асуджаў злоўжыванні супраць непаўналетніх. Ён актыўна супрацоўнічаў з аўстралійскімі ўладамі і праваахоўчымі органамі ў расследаванні справы. Кардынал Пэл таксама падтрымаў стварэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і паспрыяў увядзенню у Касцёле ў Аўстраліі сістэмы і працэдур для абароны непаўналетніх і аказання дапамогі ахвярам злоўжыванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.