2018-04-28 13:31:00

Папа: не ўсё тэхнічна магчымае, маральна прымальнае


Касцёл ухваляе ўсе намаганні, накіраваныя на лячэнне пакутуючых людзей, але нагадвае, што не ўсё, тэхнічна магчымае і здзяйсняльнае, этычна прымальнае, падкрэсліў Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі па рэгенератыўнай медыцыне, якая прайшла па ініцыятыве Папскай рады па культуры. Сустрэча адбылася 28 красавіка 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

У першую чаргу Францішак адзначыў важнасць аб’яднання высілкаў, накіраваных на барацьбу з хваробамі, бо “чалавечая асоба – гэта кропка сустрэчы і “месца” адзінства”. “Сапраўды, перад абліччам праблемы людскіх пакутаў неабходна быць здольнымі ствараць узаемадзеянне паміж асобамі і структурамі, у тым ліку перамагаючы забабоны, каб умацоўваць клопат і намаганні ўсіх на карысць хворага чалавека”, - сказаў ён.

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць прафілактычных мераў у барацьбе з хваробамі. Ён заўважыў, што “многіх захворванняў можна было б пазбегнуць, калі б больш увагі звярталася на стылі жыцця, якія прымаем, і на культуру, якой садзейнічаем”. 

“Прадухіляць – гэта значыць мець дальназоркі позірк на чалавека і асяроддзе, у якім ён жыве. Гэта значыць думаць пра культуру раўнавагі, у якой усе галоўныя фактары – адукацыя, фізічная дзейнасць, дыета, клопат аб навакольным асяроддзі, захаванне “кодэкса здароўя”, злучанага з рэлігійнымі практыкамі, ранняя і мэтанакіраваная дыягностыка і іншыя – могуць дапамагчы жыць лепш і з меншымі рызыкамі для здароўя”, - дадаў ён.

Паводле Папы, гэта асабліва важна для дзяцей і моладзі, якія больш падвергнуты рызыкам хваробаў, звязаных з радыкальнымі зменамі сучаснай цывілізацыі. 

“Дастаткова паразважаць пра ўплыў, які маюць на здароўе курэнне, алкаголь ці таксічныя рэчывы, што трапляюць у паветра, ваду ці глебу. Высокага працэнту ракавых пухлінаў і іншых праблем са здароўем дарослых людзей можна пазбегнуць праз прафілактычныя меры, якія праводзяцца з маленства. Гэта, аднак, патрабуе глабальнай і пастаяннай дзейнасці, якая не можа быць дэлегавана грамадскім і дзяржаўным інстытутам, але патрабуе адказнасці кожнага чалавека”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць навуковых даследванняў, накіраваных на пошук новых спосабаў лячэння, асабліва рэдкіх, аўтаімунных і неўрадэгенератыўных захворванняў. У той жа час ён заўважыў, што тэхналогіі становяцца настолькі магутнымі, што дазваляюць не толькі зазірнуць у самыя глыбокія сферы структуры чалавека, але нават змяняць яго ДНК.

“У гэтым кантэксце фундаментальна, каб умацавалася наша ўсведамленне этычнай адказнасці перад чалавецтвам і навакольным асяроддзем, у якім жывем. Касцёл, ухваляючы усе намаганні па даследванні і ўжыванні, накіраваныя на лячэнне пакутуючых людзей, нагадвае таксама, што “не ўсё, тэхнічна магчымае і здзяйсняльнае, этычна прымальнае”, - сцвердзіў Папа.

Скіроўваючы свой позірк у будучыню, Францішак падкрэсліў, што неабходна “дзейнічаць з настолькі большай чуласцю, наколькі больш магутнымі становяцца сродкі, што знаходзяцца ў нашым распараджэнні”.

“Існуе патрэба ў тым, каб разважаць аб чалавечым здароўі ў больш шырокім кантэксце, разглядаючы яго не толькі ў адносінах да навуковых даследванняў, але таксама ў адносінах да нашай здольнасці ахоўваць і атуляць клопатам навакольнае асяроддзе, у адносінах да патрэбы думаць пра ўсіх, асабліва пра тых, хто перажывае сацыяльныя і культурныя нястачы, якія робяць хісткім як стан здароўя, так і доступ да лячэння”, - падкрэсліў Папа.

Міжнародная канферэнцыя па рэгенератыўнай медыцыне праходзіла 26-28 красавіка 2018 г. Яна была прысвечана тэме ўплыву навукі, тэхнікі і медыцыны ХХІ стагоддзя на культуру і грамадства. У форуме прынялі ўдзел каля 700 навукоўцаў з розных частак свету. Падобная сустрэча адбылася ў Ватыкане ўжо ў чацвёрты раз.








All the contents on this site are copyrighted ©.