2018-04-26 13:17:00

Святы Пасад: у вайне прайграюць усе, у тым ліку і пераможцы


Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН выступіў 25 красавіка 2018 г. у Нью-Ёрку на сустрэчы, прысвечанай комплекснаму падыходу да міру. Яна прайшла ў рамках пасяджэння па пытаннях мірабудаўніцтва і падтрымання міру. 

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў, што праграма ўстойлівага развіцця да 2030 г. не можа быць рэалізавана без міру і бяспекі, і наадварот, мір і бяспека будуць пад пагрозай без устойлівага развіцця. Грамадства не можа квітнець, калі яно знаходзіцца ў канфліктах і разладзе, а грамадзяне не рэалізуюць свой патэнцыял, калі жывуць ў нестабільнасці і неабароненасці.

Святы Пасад лічыць, што трэба выпрацаваць практычную, усёабдымную і комплексную стратэгію па забеспячэнні міру, дзе будзе ўлічвацца сувязь паміж развіццём, бяспекай і правамі чалавека. Апрача таго, патрэбна калектыўная міжнародная адказнасць па ліквідацыі крайняй галечы і распрацоўка інавацыйнага падыходу і механізмаў для вырашэння эканамічнай рэгрэсіі.

Акрамя гэтых патрэбаў, ватыканская дэлегацыя падкрэсліла важнасць: раззбраення, дэмабілізацыі і рэінтэграцыі былых камбатантаў, з асаблівай увагай да дзяцей і моладзі; пашырэння ролі жанчын у працэсах пасярэдніцтва і міратворчасці; каардынацыі паміж усімі актыўнымі бакамі і размеркавання абавязкаў у галіне мірабудаўніцтва, асабліва ў дачыненні да Генеральнай Асамблеі і Эканамічнага і Сацыяльнага Савета; асаблівай ролі Савета Бяспекі ў справе мабілізацыі міжнароднай палітычнай волі для падтрымання міру і бяспекі, прадухілення канфліктаў і мірабудаўніцтва; фундаментальнай неабходнасці прэвентыўнай дыпламатыі; і заахвочвання ўстойлівага і бесперапыннага міжнароднага партнёрства на ўсіх этапах прадухілення канфліктаў і мірабудаўніцтва.

Святы Пасад перакананы, што меры па прадухіленні ўзнікнення, эскалацыі, працягу і паўтору канфліктаў, каб быць паспяховымі, патрабуюць паслядоўнага, комплекснага і скаардынаванага падыходу, сказаў ватыканскі дыпламат. Арцыбіскуп Ауса нагадаў словы папы Францішка аб тым, што “ў вайне прайграюць усе, у тым ліку і пераможцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.