2018-04-24 15:08:00

Святы Айцец: прымаць усё новае, што паходзіць ад Бога


Трэба ўмець прымаць усё новае, што паходзіць ад Бога, чытаць знакі часу і быць адкрытымі на натхненне Святога Духа, лічыць Папа. 24 красавіка 2018 г. ён узначаліў ранішнюю Эўхарыстыю ў капліцы Дому св. Марты. У гаміліі Святы Айцец прапанаваў сваю рэфлексію на тэму рознага стаўлення людзей да ініцыятыў Бога, Які заўсёды прыходзіць да нас з нечым новым і арыгінальным.

Францішак адзначыў, што ў фрагменце Евангелля св. Яна (10, 22-30) ясна паказана закрытасць і суровасць кніжнікаў. Гаворка ідзе пра людзей, здольных ставіць сябе выключна ў цэнтры, абыякавых да дзеяння Святога Духа і неадчувальных да новага. Папа падкрэсліў, у прыватнасці, поўную няздольнасць гэтых асоб распазнаваць знакі часу, іх зняволенне словамі і ідэямі.

“Пастаянна вяртаюцца да таго ж пытання, яны не ў стане выйсці з гэтага замкнёнага свету, яны – нявольнікі ідэі. Атрымалі закон, які быў жыццём, але “дыстылявалі” яго, ператвараючы ў ідэалогію. Пастаянна круцячыся вакол сябе, яны не ў стане выйсці з гэтага, і ўсё новае з’яўляецца для іх пагрозай”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што дзеці Божыя цэнтральную ролю павінны адвесці Святому Духу, як гэта рабілі вучні. Яны ўмелі пазнаваць новае і сеяць Божае слова за межамі звычайнай схемы, якая завецца “заўсёды так было”. Яны былі паслухмянымі Святому Духу і рэалізавалі тое, што стала нечым большым, чым рэвалюцыя – глыбокія змены ў цэнтры якіх быў не закон, а Святы Дух.

“І Касцёл быў Касцёлам у руху, выходзячым за свае абмежаванні. Быў не замкнёнай групай абраных, але місійным Касцёлам: на самой справе, так бы мовіць, баланс Касцёла заключаецца менавіта ў мабільнасці, у вернасці Святому Духу. Хтосьці сказаў, што раўнавага Касцёла нагадвае раўнавагу на ровары: яна моцная і добрая, калі ровар знаходзіцца ў руху; калі вы стаіце, падаеце”, - патлумачыў Папа.

Чалавек можа замкнуцца або адкрыцца на натхненне Святога Духа, заўважыў Францішак. Адкрытасць уласцівая вучням, а пачатковы недавер можа быць гарантыяй непадатлівасці на тое, што не паходзіць ад Бога; толькі праз малітву і праніклівасць апосталы знаходзяць свой шлях.

“Заўсёды будзе супраціў адносна Святога Духа, заўсёды, да канца свету. Няхай Пан дасць нам ласку супрацьстаяць таму, чаму мы павінны супрацьстаяць, таму, што зыходзіць ад злога, які пазбаўляе нас свабоды. Дасць ласку быць адкрытымі на новае, але толькі на тое, што паходзіць ад Бога, з сілай Святога Духа. Няхай дасць нам ласку распазнання знакаў часу, каб прымаць рашэнні, якія мы павінны прыняць у дадзены момант”, - сказаў у сваёй гаміліі Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.