2018-04-19 12:41:00

Пантыфік: не існуе “евангелізацыі з мяккага крэсла”


Усе хрысціяне маюць евангелізацыйны абавязак і місію, падкрэсліў Пантыфік падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 19 красавіка 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў (Дз 8, 26-40), у якім апавядаецца пра хрышчэнне эфіопскага вяльможы апосталам Філіпам. Гэту гісторыю Папа назваў сапраўдным “трактатам аб евангелізацыі”.

Францішак нагадаў, што пасля мучаніцтва св. Стэфана пачаўся “вялікі пераслед хрысціян” і “вучні рассеяліся паўсюль”. Але менавіта гэты “вецер ганенняў” падштурхнуў іх выйсці за межы роднай зямлі. Як вецер робіць з зернямі раслінаў – нясе іх паўсюль і сее, – так адбылося і ў гэтай сітуацыі: вучні разышліся з зернем Божага слова і сеялі яго паўсюль, заўважыў Папа. 

Евангелізацыя, паводле Пантыфіка, не мае нічога супольнага з празелітызмам. Спасылаючыся на літургічнае чытанне, ён заўважыў, што менавіта Святы Дух паштрурхоўвае да прапаведвання. Як і апосталу Філіпу Ён кажа сучасным вернікам: “Устань і ідзі”. “Не існуе “евангелізацыі з мяккага крэсла”. Трэба заўсёды падымацца і крочыць туды, дзе трэба абвяшчаць Божае слова”, - сказаў Папа.

Святы Айцец узгадаў пра шматлікіх місіянераў, які пакінулі сваю Айчыну і сям’ю, каб несці слова Пана ў далёкія землі. І вельмі часта, “не будучы добра падрыхтаванымі з фізічнага пункту гледжання, не маючы антыцелаў, каб супрацьстаяць хваробам гэтых земляў”, яны паміралі маладымі або прымалі мучаніцтва. Такіх людзей Пантыфік назваў “мучанікамі евангелізацыі”.

Паводле Францішка, сапраўднаму місіянеру не патрэбны ніякі “дапаможнік па евангелізацыі”, але ў першую чаргу блізкасць да людзей і прыняцце рашэнняў, адштурхоўваючыся ад канкрэтнай сітуацыі, а не спасылаючыся на пэўную тэорыю.

“Гэта просты метад, але гэта – метад Езуса. Езус евангелізаваў падобным чынам. Заўсёды ў шляху, заўсёды на дарозе, заўсёды блізка да людзей, заўсёды адштурхоўваючыся ад канкрэтных сітуацый”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што акрамя гэтых трох падыходаў, першасную важнасць мае моц Святога Духа, Які прымушае падняцца, наблізіцца да людзей і адштурхоўвацца ад іх сітуацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.