2018-04-13 12:34:00

Прадстаўнік Папы пракаментаваў сітуацыю ў ААН адносна Сірыі


“Сітуацыя далікатная. Магу толькі выказаць маё вялікае расчараванне падзеламі ў Савеце Бяспекі ААН, перш за ўсё, адносна вельмі сур’ёзных выпадкаў, якія мелі месца, напрыклад, выкарыстання хімічнай зброі у Думе, блізу Дамаска. Варта выразна асудзіць гэтыя чарговыя падзелы ў Савеце Бяспекі”, - так сітуацыю пракаментаваў кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі, спасылаючыся на дэкларацыі Злучаных Штатаў і Расіі адносна канфлікту ў блізкаўсходняй краіне.

Амерыканцы пагражаюць атакамі ў адказ на ўжыванне хімічнай зброі, а расіяне паабяцалі збіваць амерыканскія ракеты. У Савеце Бяспекі ААН Расія заблакавала рэзалюцыю ЗША, якая мае на мэце стварэнне новых механізмаў для расследавання хімічнай атакі ў Думе.

Такім чынам, няма адпаведнай рэакцыі на заклікі Папы да дыялогу і ўсталявання міру ў Сірыі. “Так шмат разоў Францішак звяртаўся з гэтым. У апошнія дні двойчы: спачатку на Вялікдзень, затым праз тыдзень, у чарговую нядзелю. Колькі разоў Пантыфік спасылаецца на сітуацыю ў Сірыі, выкарыстоўваючы словы: “дарагая” і “спакутаваная”, што ў поўнай меры адлюстроўвае яго пачуцці і думкі ў дачыненні да краіны”, - звярнуў увагу нунцый у Дамаску.

У мінулыя выхадныя ў Сірыі зноў ужылі хімічную зброю. Як мяркуецца, газам хларын атруціліся жыхары прыгарада Дума, які знаходзіцца на ўсход ад Дамаска. Населены пункт акружаны ўрадавымі войскамі. Паводле папярэдніх дадзеных, у выніку хімічнай атакі загінулі 42 чалавекі, звыш 500 сірыйцаў былі атручаны.








All the contents on this site are copyrighted ©.