2018-04-12 11:36:00

Пантыфік: адчуваю боль і сорам за сітуацыю ў Чылі


“Адчуваю боль і сорам па прычыне таго, што здарылася. Чакаю вас усіх у Ватыкане, каб разам паразмаўляць і вырашыць, як адбудоўваць касцёльную супольнасць, праўду і справядлівасць”, - напісаў Францішак у лісце да чылійскага епіскапату, сабранага на 115-м пленарным пасяджэнні, якое праходзіць пасля візіту ў краіну спецыяльнага пасланніка Папы, арцыбіскупа Чальза Шыклюны. 

У лютым 2018 г. іерарх быў накіраваны ў Чылі для расследавання справы біскупа Хуана Бароса, абвінавачанага ў тым, што на працягу многіх гадоў хаваў факты сексуальных злоўжыванняў з боку святара дыяцэзіі Азорна, кс. Фэрнанда Карадзімы. Разам з мальтыйскім арцыбіскупам ў расследаванні прымаў удзел мансеньёр Ёрдзі Бэртамэў Фарнос, супрацоўнік Кангрэгацыі Веравучэння.

Святы Айцец прызнаўся, што напісаў ліст пасля азнаямлення са зместам 2,3 тыс. старонак матэрыялаў, якія перадалі яму 20 сакавіка яго пасланнікі. Ён запэўніў біскупаў у сваёй малітве і падзяліўся з імі перакананасцю, што “цяперашнія цяжкасці з’яўляюцца таксама магчымасцю, каб аднавіць давер да Касцёла, які быў парушаны нашымі памылкамі і грахамі, і загаіць раны, якія працягваюць крываточыць ва ўсім чылійскім грамадстве”.

Пантыфік выказаў падзяку сваім пасланнікам за велізарную працу, якую яны зрабілі, выслухаўшы сведчанні 64 чалавек у Нью-Ёрку і Сант’яга. Паволе Папы, пасля перадачы яму сабраных матэрыялаў, і асабліва пасля іх прававой і душпастырскай ацэнкі, яны прызналіся, што былі прыгнечаны болем настолькі вялікай колькасці ахвяр сур’ёзных злоўжыванняў, якія ўчынілі чылійскія кансэкраваныя асобы у адносінах да шматлікіх непаўналетніх. Святы Айцец падзякаваў таксама шматлікімі прадстаўнікам духавенства і свецкім вернікам на месцах, якія шчыра дапамагалі ў расследаванні гэтай справы, а таксама журналістам, якія не паратварылі сітуацыю ў “медыйны цырк”.

“Цяпер, пасля ўважлівага азнаямлення з дакументамі ўзгаданай “спецыяльнай місіі”, думаю, што магу сцвердзіць, што ўсе сабраныя ў іх сведчанні кажуць прама, без скажэння ці прыхарошвання фактаў, пра шматлікія ўкрыжаваныя жыцці, і вызнаю перад вамі, што гэта выклікае ў мяне вялікі боль і сорам”, - напісаў Пантыфік.

Папа папрасіў чылійскіх біскупаў аб супрацоўніцтве і дапамозе ў вызначэнні мер, якія ў каротка-, сярэдне-, і доўгатэрміновай перспектыве павінны быць прыняты для аднаўлення касцёльнай еднасці ў Чылі, каб выправіць, наколькі гэта магчыма, скандал і аднавіць справядлівасць.

Францішак запрасіў іерархаў прыбыць у Ватыкан, каб разам абмеркаваць вынікі місіі арцыбіскупа Шыклюны і кс. Бэртомэў. Папа прызнаўся, што здзейсніў “сур’ёзныя памылкі ў ацэнцы і ўспрыняцці сітуацыі, асабліва па прычыне адсутнасці праўдзівай і ўраўнаважанай інфармацыі”. Ён папрасіў прабачэння ў тых, каго параніў гэтым, і выказаў жаданне асабістай сустрэчы з імі.

Пастыр чылійскай дыяцэзіі Азорна, біскуп Хуан Барос, шматразова адмаўляў, што ведаў пра сексуальныя злачынствы, якія здзяйсняліся на яго тэрыторыі. Давяраючы інфармацыі, якую атрымліваў, Папа заўсёды бараніў іерарха і не прымаў яго адстаўку, аб якой той прасіў некалькі разоў. Пасля візіту ў Чылі ў студзені 2018 г. ён вырашыў адправіць у гэту краіну сваіх спецыяльных пасланнікаў, каб дасканала расследаваць сітуацыю і прыняць адпаведныя рашэнні.








All the contents on this site are copyrighted ©.