2018-03-30 18:18:00

Святы Айцец прыняў удзел у літургіі Мукі Пана


Усё магчыма пасля асабістай сустрэчы з Хрыстом. У адваротным выпадку – нічога па-сапраўднаму не зменіцца ў жыцці, падкрэсліў 30 сакавіка 2018 г. прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса, у гаміліі падчас літургіі Мукі Пана, якая прайшла з удзелам папы Францішка ў ватыканскай базыліцы.

Капуцын спаслаўся на словы, якімі св. Ян сведчыў пра тое, што ўласнымі вачыма бачыў смерць Езуса Хрыста (Ян 19,33-35). “Ён “убачыў” не толькі тое, што адбывалася перад вачыма ўсіх. У святле Святога Духа, пасля Пасхі, ён убачыў таксама сэнс усяго, што здарылася: што ў той момант быў ахвяраваны Баранак Божы і споўніўлася значэнне старажытнай Пасхі; што Хрыстус на крыжы быў новай святыняй Бога, з боку Якога, як прадказваў прарок Эзэхіэль, выцякла жывая вада; што дух, якога Ён аддаў у хвіліну смерці, даў пачатак новаму стварэнню, падобна як “дух Божы”, лунаючы над водамі, на самым пачатку перамяняў хаос сусвету. Ян зразумеў сэнс апошняга слова Езуса: “Здзейснілася”, - заўважыў прапаведнік.

Паводле айца Канталамесы, на крыжы Бог аб’явіўся такім, якім з’яўляецца ў сваёй самай глыбокай і сапраўднай сутнасці. Бог – гэта любоў, ахвярная любоў, і толькі на крыжы становіцца бачна да чаго падштурхоўвае гэтая бясконцая здольнасць Бога да самаахавяравання, дадаў ён. 

Прапаведнік нагадаў, што сведчанне св. Яна, самага маладога вучня Езуса, мае асаблівае значэнне ў кантэксце восеньскага Сінода Біскупаў, прысвечанага моладзі. Гэты апостал яшчэ ў юнацкія гады перажыў асабістую сустрэчу з Хрыстом і па-сапраднаму закахаўся ў Пана, а затым атрымаў ад Яго “поўную радасць” і “жыццё ў дастатку”. Неабходна данесці да моладзі, што менавіта гэта Хрыстус жадае падарыць ёй, сказаў капуцын.

“Зробім так, каб ва ўсіх прамовах аб моладзі і да моладзі фонам гучаў настойлівы заклік Святога Айца з “Evangelii gaudium”: “Я запрашаю кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваё асабістае спатканне з Езусам Хрыстом ці, прынамсі, прыняць рашэнне сустрэцца з Ім, няспынна шукаць Яго кожны дзень. Няма прычыны, каб хтосьці мог думаць, што гэта запрашэнне не для яго” (3). Сустрэць Хрыста можна таксама і сёння, таму што Ён уваскрос. Ён з’яўляецца жывой асобай, а не выдуманым персанажам. Усё магчыма ў выніку гэтай асабістай сустрэчы, а без яе нічога па-сапраўднаму не зменіцца ў жыцці”, - адзначыў айцец Канталамеса.

Паводле яго слоў, акрамя жыццёвага прыкладу, св. Ян пакінуў таксама напісанае пасланне, у якім кажа моладзі: “Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога. Не любіце свету, ні таго, што ў свеце” (1Ян 2,14-15).

“Свет, які мы не павінны любіць і да якога не павінны прыстасоўвацца, не з’яўляецца тым светам, які стварыў і палюбіў Бог, гэта не людзі гэтага свету, да якіх мы, насупраць, павінны выходзіць, асабліва да бедных і апошніх. “Змяшанне” з гэтым светам пакут і маргіналізацыі, парадаксальным чынам, з’яўляецца лепшым спосабам, каб “разарваць сувязь” са светам, таму што такім чынам, будзем ісці туды, адкуль свет уцякае з усіх сваіх сіл. Гаворка ідзе пра разарванне сувязі з прынцыпам, які кіруе светам – эгаізмам”, - сцвердзіў ён.

Нелюбіць трэба панаванне шатана ў свеце, грэх і канфармізм, адзначыў прапаведнік і заклікаў моладзь не баяцца жыць насуперак пануючым тэндэнцыям. “Будзьце тымі, хто крочыць у адваротным кірунку! Будзьце адважнымі, каб ісці супраць плыні! Адваротны кірунак для нас – гэта не месца, а чалавек, гэта Езус, наша Сябар і Адкупіцель”, - сказаў капуцын.

Законнік адзначыў, што перад моладдзю ў сучасным свеце стаіць заданне выратавання любові ад яе скажоннага разумення, як гвалтоўнага і тыранічнага валодання іншым чалавекам. Гаворка не ідзе пра поўнае адмаўленне ад радасцяў любові, але пра здольнасць спалучэння цялеснай любові і ахвярнай, памятаючы пра словы св. Паўла: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць” (Дз 20,35), сказаў ён.

“Гэта здольнасць, якую немагчыма атрымаць за адзін дзень. Неабходна рыхтавацца да таго, каб прынесці сябе ў дар іншаму стварэнню ў сужэнстве альбо Богу ў кансэкраваным жыцці, пачынаючы з прынясення ў дар уласнага часу, уласнай усмешкі, уласнай маладосці ў сям’і, парафіі, валантарыяце, што  многія з вас робяць без шума”, - падкрэсліў айцец Канталамеса.

Напрыканцы казання ён заўважыў, што на крыжы Езус не толькі даў прыклад бязмежнай любові, але таксама здабыў ласку, каб людзі мелі магчымасць спаўняць прынамсі малую частку гэтай любові ў сваім жыцці. “Вада і кроў, якія выцяклі з Ягонага боку, прыходзяць да нас сёння праз сакрамэнты Касцёла, Слова і нават калі з верай углядаемся у крыж”, - заўважыў прапаведнік Папскага Дома і заклікаў да пабожнага ўдзелу у абрадах літургіі Мукі Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.