2018-03-27 11:15:00

Папа сустрэўся з спецыяльным атрадам паліцыі пры Ватыкане


Пантыфік сустрэўся 26 сакавіка 2018 г. на традыцыйнай штогадовай аўдыенцыі з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі італьянскай Інспекцыі грамадскай бяспекі пры Ватыкане. Ён скарыстаўся магчымасцю, каб падзякаваць праваахоўнікам за стрыманы, але эфектыўны кантроль, які дапамагае пілігрымам з усяго свету бяспечна наведваць магілу св. Пятра, перажываючы гэты важны досвед веры ў спакоі.

Францішак звярнуў увагу на спецыфіку служэння паліцэйскіх, што складаецца ў гарантаванні бяспекі правядзення вялікіх і важных рэлігійных падзей і частых кантактах з духавенствам і асобамі, якія супрацоўнічаюць з Папам. Ён падкрэсліў, што гэтыя акалічнасці дазваляюць узмацніць матывацыю іх працы на аснове праўды Евангелля. Такім чынам, праз сведчанне духоўных і чалавечых каштоўнасцяў, якія выраслі з хрысціянства, праваахоўнікі маюць магчымасць уносіць свой уклад у місію Касцёла.

“Ватыкан з’яўляецца мэтай не толькі для хрысціян з усяго свету, але і для прадстаўнікоў розных рэлігій, а таксама кіраўнікоў дзяржаў і касцёльных дзеячаў, якія прыбываюць на сустрэчу з Пантыфікам і яго супрацоўнікамі. Дзякуючы і вашай працы гэтыя сустрэчы, якія служаць дыялогу, і візіты, звязаныя з досведам культуры і веры ў Ватыкане, могуць праходзіць зладжана і ў спакойнай атмасферы”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля таго як Францішак удзяліў сабраным у Клементыйскай зале паліцэйскім сваё благаслаўленне, ён сказаў, што, калі гаворка ідзе аб іх працы, прыходзіць на розум адно слова: бяспека. Таму Папа раздаў ім абразкі з св. Юзафам, які акружаў клопатам і абаронай Езуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.