2018-03-25 13:47:00

Францішак перад “Анёл Панскі”: добра перажыць Вялікі тыдзень


Сумленна перажыць Вялікі тыдзень і добра падрыхтавацца да кастрычніцкага Сіноду Біскупаў і Сусветных дзён моладзі ў Панаме, заклікаў католікаў папа Францішак. Ён узначаліў 25 сакавіка 2018 г. на плошчы св. Пятра малітву “Анёл Панскі”.

“Сённяшні Сусветны дзень моладзі, які праходзіць на дыяцэзіяльным узроўні, з’яўляецца важным крокам на шляху да Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, веры і распазнання паклікання, што будзе праходзіць у кастрычніку гэтага года, а таксама ў працэсе падрыхтоўкі да Сусветных дзён, якія адбудуцца ў Панаме ў студзені 2019 г. Няхай на гэтым шляху нам спадарожнічае прыкладам і заступніцтвам Марыя, маладая дзяўчына з Назарэта, якую Бог выбраў на Маці свайго Сына. Няхай яна ідзе з намі і вядзе новыя пакаленні ў іх пілігрымцы веры і братэрства”, - сказаў Пантыфік падчас сваіх разважанняў.

Менавіта ў Божай Маці, заўважыў Францішак, асабліва на Вялікім тыдні, мы вучымся “ўнутранай цішыні, сардэчнаму погляду, любячай веры”. Усё гэта дапаможа нам “ісці за Езусам па шляху крыжа, які вядзе да радаснага святла Уваскрасення”.

Перад малітвай “Анёл Панскі” ўдзельнікі перадсінадальнага форуму моладзі, які праходзіў увесь гэты тыдзень у Рыме, перадалі Святому Айцу дванаццацістаронкавы дакумент, плён іх працы. Заключаныя ў ім высновы, як падкрэслілі, павінны паслужыць дапамогай усяму Касцёлу.








All the contents on this site are copyrighted ©.