2018-03-23 14:18:00

Святы Пасад працягне дыялог з Кітаем


Місія Касцёла ў Кітаі сёння заключаецца ў тым, каб мясцовыя вернікі былі “да канца католікамі і сапраўднымі кітайцамі”, робячы Евангелле даступным для ўсіх і ставячы яго на службу супольнаму дабру, падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. Ён выступіў на канферэнцыі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце, прысвечанай тэме інкультурацыі хрысціянства ў Кітаі.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што на працягу гісторыі адносіны паміж Кітаем і Каталіцкім Касцёлам праходзілі розныя фазы: часы плённага супрацоўніцтва змяняліся вялікім непаразуменнем і нават варожасцю, прыносячы мясцовай каталіцкай супольнасці вялікія пакуты. 

Метад, які ў мінулым даў магчымасць плённай сустрэчы паміж хрысціянскім і кітайскім светам, заключаўся ў інкультурацыі веры праз канкрэтны досвед узаемнага знаёмства, мастацтва і сяброўства. 

У рымскай канферэнцыі прыняў удзел кітайскі кардынал Джон Тон Хон, арцыбіскуп Ганконга. Ён заўважыў, што “хрысціяне і кітайскае грамадства на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі вялікімі ў свеце супольнасцямі, кожная з якіх мае сваю глыбокую культуру і гістарычную традыцыю”. Калі кожны зробіць крок да набліжэння, гэта “паспрыяе ўзаемнаму ўзбагачэнню і мірнаму суіснаванню”.

У рамках дыялога і супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Кітаем у лістападзе 2017 г. было абвешчана аб правядзенні беспрэцэндэнтанага культурнага праекту, які прадугледжвае арганізацыю выставы з калекцый Ватыканскіх музеяў у пекінскім палацавым комплексе “Забаронены горад” адначасова з выставай кітайскага мастацтва ў Ватыкане. Праект пад назвай “Прагажосць нас аб’ядноўвае”, пакліканы стаць часткай “дыпламатыі мастацтва”, павінен быць рэалізаваны ў бліжэйшыя месяцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.