2018-03-23 15:14:00

Пантыфік асудзіў тэракт у Эквадоры


Святы Айцец асудзіў тэрарыстычны напад у рэгіёне Матахэ, на поўначы Эквадора, у выніку якога загінулі тры і атрымалі раненні каля дзесяці вайскоўцаў. 21 сакавіка 2018 г. ён скіраваў спачувальную тэлеграму на імя старшыні епіскапату гэтай лацінаамерыканскай краіны, арцыбіскупа Эўхэніа Арэлана, пастыра дыяцэзіі Эсмеральдас, на тэрыторыі якой адбыўся тэракт. 

Пасланне было падпісана кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. У ім Папа рашуча асудзіў “гэты новы выпадак неапраўданага насілля”, запэўніў у малітве аб вечным супакоі для загінулых і блізкасці да іх родных і блізкіх. Францішак заклікаў усіх “маліцца і прыкладаць намаганні, каб у гэтым рэгіёне, што пакутуе ад падобных сумных фактаў, як мага хутчэй наступіла спакойнае жыццё ў міры і даверы”.

Тэракт у правінцыі Эсмеральдас, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Калумбіяй, стаў ужо чацвёртым са студзеня 2018 г. Напад быў здзейснены з дапамогай выбуховага прыстасавання. Загінулыя вайскоўцы займаліся патруліраваннем тэрыторыі. Мясцовыя ўлады звязваюць інцыдэнт з дзейнасцю гандляроў наркотыкамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.