2018-03-21 12:58:00

Францішак: св. Камунія ператварае верніка ў жывую Эўхарыстыю


Прыняцце Езуса ў св. Камуніі ператвавае вернікаў у жывую Эўхарыстыю, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 сакавіка 2018 г. у Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб структуры св. Імшы, ён засяродзіўся на Абрадзе Камуніі.

На самым пачатку сустрэчы Пантыфік павіншаваў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў з наступленнем астранамічнай вясны. Заўважаючы, што ў гэтую пару года пачынаюць цвісці кветкі і дрэвы, ён падкрэсліў, што хрысціянскае жыццё таксама павінна квітнець праз справы міласэрнасці і добрыя ўчынкі. Для гэтага, аднак, важна прабываць у лучнасці з Хрыстом, маліцца і прыступаць да сакрамэнтаў, параіў Францішак.

Звяртаючыся да тэмы катэхезы, ён адзначыў, што ўся цэлебрацыя св. Імшы накіравана на сакрамэнтальнае яднанне з Хрыстом. Падчас яе мы ўмацоўваемся Хрыстом, Які дорыць сябе як у Слове, так і ў Сакрамэнце алтара, каб прыпадобіць нас да сябе. Жэст Езуса, Які даў вучням сваё Цела і Кроў падчас Апошняй Вячэры, працягваецца таксама і сёння праз служэнне святара і дыякана, якія даюць вернікам Цела і Кроў Пана, сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што пасля ламання кансэкраванага хлеба – Цела Хрыста, – святар паказвае яго вернікам, заклікаючы да ўдзелу ў Эўхарыстычнай вячэры. Ён прамаўляе словы: “Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету. Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную”, якія, у сваю чаргу, натхнёныя словамі з Апакаліпсіса: “Шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!” (19,9).

 “Гэта запрашэнне заклікае нас спазнаць унутраную еднасць з Хрыстом, крыніцай радасці і святасці. Гэта заклік, які радуе і, разам з тым, заахвочвае да рахунку сумлення, асветленага верай. Калі, з аднаго боку мы бачым сапраўдную адлегласць, якая аддзяляе нас ад святасці Хрыста, то з іншага – верым, што Яго Кроў была “праліта дзеля адпушчэння грахоў”. Усе мы атрымалі прабачэнне падчас хросту і будзем атрымліваць яго кожны раз, прыступаючы да сакрамэнту пакаяння. І не забывайцеся, што Езус прабачае заўсёды. Езус ніколі не стамляецца прабачаць. Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, калі крочым у працэсіі да алтара, каб прыступіць да св. Камуніі, сам Хрыстус ідзе нам насустрач, жадаючы прыпадобіць нас да сябе. Сілкавацца Эўхарыстыяй – гэта значыць быць гатовымі ператварыцца ў тое, што прымаем, сцвердзіў ён.  “Як хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Пана, таксама і тыя, хто прымае іх з верай, перамяняюцца ў жывую Эўхарыстыю. Святару, які кажа табе, раздаючы Эўхарыстыю: “Цела Хрыста”, адказваеш: “Амэн”, і такім чынам прызнаеш ласку і абавязацельства, якое прадугледжвае ператварэнне ў Цела Хрыста. Бо калі прымаеш Эўхарыстыю, становішся Целам Хрыста. Гэта вельмі цудоўна... Св. Камунія, яднаючы нас з Хрыстом, вырываючы з нашага эгаізму, адкрывае нас і яднае з усімі, хто ёсць адно з Ім. Вось цуд св. Камуніі: мы становімся тым, што прымаем!”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што Касцёл горача жадае, каб таксама і вернікі прымалі Цела Хрыста ў гостыях, якія былі кансэкраваныя падчас гэтай жа св. Імшы, а знак эўхарыстычнай вячэры найбольш поўна выяўляецца, калі св. Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, хоць каталіцкае вучэнне дазваляе прымаць яе ў адной постаці.

“Паводле касцёльнай практыкі, вернік звычайна падыходзіць да Эўхарыстыі ў працэсійнай форме і пабожна прымае св. Камунію стоячы або на каленях – як прадугледзіць Канферэнцыя Біскупаў, – прымаючы сакрамэнт у вусны, або, дзе дазволена, на далонь, калі жадае гэтага. Пасля св. Камуніі, захаваць атрыманы дар у сэрцы нам дапамагае цішыня, маўклівая малітва: гэты момант цішыні, размовы з Езусам у сэрцы, або спеў псальму ці гімну, дапамогуць нам прабываць з Панам”, - параіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Эўхарыстычная літургія завяршаецца Малітвай пасля Камуніі, у якой святар ад імя ўсіх звяртаецца да Бога, каб падзякаваць Яму за тое, што зрабіў нас удзельнікамі сваёй вячэры, а таксама просіць, каб тое, што атрымалі, перамяніла наша жыццё. “Будзем жа прыступаць да Эўхарыстыі: прыняцце Езуса перамяняе нас у Яго, робіць нас мацнейшымі”, - заклікаў Папа на заканчэнне сваёй катэхезы.








All the contents on this site are copyrighted ©.