2018-03-20 13:21:00

Святы Пасад упершыню на біенале архітэктуры


У Ватыкане 20 сакавіка 2018 г. прайшла афіцыйная прэзентацыя ўдзелу Апостальскай Сталіцы ў сёлетняй 16-й Міжнароднай біенале архітэктуры ў Венецыі, што адбудзецца ўпершыню ў гісторыі. 

Ватыканская экспазіцыя будзе ўяўляць сабой 10 капліц. Натхненнем для яе стала “Лясная капэла”, пабудаваная ў 1920 г. вядомым архітэктарам Гунарам Асплундам на могілках Стакгольма. Дзесяці сучасным архітэктарам было прапанавана распрацаваць і пабудаваць па адной капліцы з самых разнастайных “экалагічных” матэрыялаў.

Перад архітэктарамі з Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Бразіліі, Японіі, Чылі /Сербіі і Парагваю была пастаўлена задача, стварыць капліцы, якія ўпішуцца ў натуральнае асяроддзе, з лесам у якасці адпраўнога пункту.
 
Падчас прэзентацыі, старшыня Папскай рады па культуры, галоўнага арганізатара з ватыканскага боку, адзначыў, што экспазіцыя стане “водгукам духоўнай гармоніі ў драме паўсядзённага жыцця”, а наведанне дзесяці “ватыканскіх капліц” стане свайго роду паломніцтвам, не толькі для вернікаў, але і для тых, хто жадае адкрыць для сябе прыгажосць, цішыню, унутраны і трансцэндэнтны голас, братэрства. Архітэктары з розных слаёў грамадства і з разнастайным досведам прадставяць “увасабленне” храму ў гісторыі, дыялогу з мноствам культур і грамадствам для пацвярджэння “каталіцкасці”, універсальнасці Касцёла, падкрэсліў кардынал Джанфранка Равазі. Ён дадаў, што абраная канцэпцыя мае на мэце падкрэсліць патрэбу дыялогу і “сястрынства” паміж мастацтвам і верай, якія, некалі шчыльна пераплеценыя, у апошнія часы нярэдка станавіліся чужымі.

Падчас выставы, 21 верасня, Папская рада па культуры арганізуе ў Венецыі чарговы этап ініцыятывы “Падворак язычнікаў”. Чатыры сусветна вядомых архітэктары будуць весці адзін з адным і з гледачамі дыскусію, раскрываючы плённасць дыялогу паміж архітэктурай і духоўнасцю, а таксама разважаючы на тэму інтэрпрэтацыі энцыклікі Францішка „Laudato sì’”.








All the contents on this site are copyrighted ©.