2018-03-19 11:57:00

Распачалася перадсінадальная сустрэча моладзі


19 сакавіка 2018 г. у Рыме распачалася перадсінадальная сустрэча моладзі. У форуме прымае ўдзел каля 300 дэлегатаў з розных краін свету: юнакі і дзяўчаты, эксперты, выхавацелі і душпастыры. Беларусь прадстаўляе Кацярына Адамчык, маладая парафіянка мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой горцы. 

Сустрэча паклікана ўзбагаціць фазу кансультацый напярэдадні XV Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Выказаныя ўдзельнікамі форума прапановы і заўвагі будуць уключаны ў падрыхтоўчы дакумент будучай ватыканскай асамблеі.

Вітаючы юнакоў і дзяўчат Папа нагадаў, што Бог часта звяртаўся менавіта да людзей маладога ўзроста. Шматлікія прыклады гэтага прысутнічаюць на старонках Святога Пісання: гісторыі Самуэля, Давіда або Даніэля. 

Пантыфік звярнуў увагу на існуючую супярэчнасць: з аднаго боку сучаснае грамадства ўзводзіць маладосць у культ, а з іншага – не дазваляе моладзі заняць належнае месца ў яго жыцці, пра што сведчыць вялікая колькасць маладых людзей, якія не маюць працы, канчаюць жыццё самагубствам або далучаюцца да тэрарыстычных груповак.

На думку Папы, моладзь просіць Касцёл аб блізкасці, таму ён павінен слухаць сучасных юнакоў і дзяўчат, нават калі многія з іх не з’яўляюцца лаўрэатамі “Нобелеўскай прэміі за тактоўнасць”. Адкрытасць на патрэбы моладзі павінна быць таксама ў інтарэсах самаго Касцёла, лічыць Папа.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў перадсінадальнай асамблеі не баяцца рызыкаваць і шчыра выказвацца. “Будзьце актыўнымі ўдзельнікамі і важна, каб вы выказваліся адкрыта. Я хачу запэўніць, што да вашага ўнёску мы паставімся сур’ёзна”, - сцвердзіў Францішак на заканчэнне сваёй прамовы.

Перадсінадальная сустрэча моладзі будзе праходзіць да 24 сакавіка 2018 г. На наступны дзень пасля яе завяршэння, удзельнікі форума прымуць удзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якую Папа ўзначаліць з нагоды ХХІІІІ Сусветнага дня моладзі, які будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.