2018-03-16 15:38:00

Маленькія пацыенты Сан-Джавані-Ратонда чакаюць Пантыфіка


З пантыфікату Францішка бачна, што ён мае асаблівую любоў да сем’яў і бедных. Аднак самымі беднымі з’яўляюцца дзеці, хворыя на рак, сказала Лучыя Мільёніка, дырэктар анкалагічнага аддзялення педыятрычнай бальніцы ў італьянскім Сан-Джавані-Ратонда, напярэдадні візіту Святога Айца, які адбудзецца 17 сакавіка 2018 г.

Па словах спадарыні Мільёнікі, дзеці, якія праходзяць лячэнне ў клініцы, чакаюць Пантыфіка з вялікім хваляваннем. У аддзяленні пануе святочная атмасфера і “шчаслівая мітусня, якую толькі дзеці ўмеюць ствараць”. У  дзень прыезду Пантыфіка яго будуць сустракаць не менш за сорак маленькіх пацыентаў на стадыі лячэння і дзесяткі дзяцей, якія ўжо перамаглі хваробу дзякуючы медыкам установы, паведаміла суразмоўца.

Лучыя Мільёніка прызналася, што дзеці рыхтуюць для Папы лісты, малюнкі, паштоўкі, але, у першую чаргу, свае думкі і просьбы. “У адным з дзіцячых лістоў да Францішка я прачытала: “Святы Айцец, я малюся за цябе, але ты маліся за маю бабулю: у гэты час менавіта яна дапамагае майму браціку ў хаце, бо мама знаходзіцца са мной у бальніцы” – думаю, малітвы, прыгажэйшай за гэтую, Папа не зможа атрымаць”, – прызналася жанчына.

Педыятрычная бальніца ў Сан-Джавані-Ратонда была адкрыта ў 1956 г. па жаданні св. Падрэ Піо, які ў гэтым невялікім мястэчку здзяйсняў сваю пастырскую дзейнасць. Лучыя Мільёніка ўпэўніла, што ў клініцы пануе сямейная атмасфера, якая дапаўняецца малітвай, і гэта менавіта тое, чаго заўсёды хацеў св. Айцец Піо.

Нагадаем, што 17 сакавіка 2018 г., з нагоды 100-годдзя з’яўлення стыгматаў у св. Айца Піо і 50-годдзя з дня яго смерці, папа Францішак здзейсніць пастырскі візіт у італьянскія гарады Петрэльчына і Сан-Джавані-Ратонда, цесна звязаныя з жыццём і дзейнасцю святога.








All the contents on this site are copyrighted ©.