Беларуская парафія св. Барталамея ў Вільні пашыраецца і марыць пра абуджэнне веры сярод католікаў-беларусаў літоўскай сталіцы, распавяла Беларускай рэдакцыі мясцовая верніца і актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў Літве, спадарыня Людвіка Кардзіс.
“Да Другой Сусветнай вайны св. Імшы на беларускай мове ў Вільні, дзякуючы намаганням кс. Адама Станкевіча, праводзіліся ў касцёле св. Міхала. Існавала партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя, выходзіла каталіцкая газета “Беларуская крыніца”, выдаваліся малітоўнікі для дзяцей і дарослых і безліч ўсялякай каталіцкай літаратуры. Але ўсё гэта перарвалася з канцом вайны, калі ксяндзоў пачалі арыштоўваць, ссылаць у лагеры... Іх лёс закончыўся вельмі трагічна: з беларускамоўных святароў вярнуліся толькі лічаныя асобы. Усё каталіцкае жыццё заціхла...”, - распавяла Людвіка Кардзіс.
Надзея на перамены ў мясцовых вернікаў з’явілася з распадам Савецкага Саюза. Ужо напрыканцы 1980-х гадоў у Літве пачало хутка адраджацца рэлігійнае жыццё. Тады ў віленскіх беларусаў-католікаў узнікла жаданне, каб душпастырства вялося і на іх роднай мове. У 1989 г. прадстаўнікі дыяспары звярнуліся да літоўскага епіскапату с просьбай аб правядзенні св. Імшаў па-беларуску і вылучэнні для гэтых мэтаў асобнага касцёла.
Іерархі паставіліся да гэтай праблемы з разуменнем і прапанавалі беларусам маліцца ў яшчэ зачыненым на той час касцёле Святой Тройцы, які пазней стаў віленскім санктуарыем Божай Міласэрнасці. Аднак знайсці беларускамоўнага святара аказалася вельмі цяжка, бо такіх нават у Беларусі на той час было няшмат.
Першая св. Імша па-беларуску ў Вільні была арганізавана ў рамках святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францішка Скарыны. Яе цэлебраваў у мясцовым катэдральным касцёле арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які быў запрошаны з Беларусі. Аднак пастаяннага душпастырства не вялося пакуль у Вільню не прыехаў кс. Ян Шуткевіч.
Святар вырашыў адмовіцца ад прапанавага літоўскімі біскупамі касцёла Святой Тройцы на карысць іншай святыні – касцёла св. Барталамея ў раёне Ужупіс. Тут быў зроблены рамонт і арганізавана парафіяльнае жыццё, але з цягам часу, па шэрагу прычын, яно прыпынілася.
“Гады чатыры-пяць таму мы зноў пачалі думаць пра адраджэнне мясцовага беларускага касцёла. Калі ён нам быў аддадзены – там павінны былі весціся св. Імшы па-беларуску, але тады яны праводзіліся толькі па-польску! Біскуп Гінтарас і наш дапаможны біскуп Арунас зразумелі нашу праблему, звярнуліся да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а той да Ордэна Капуцынаў у Беларусі... І вось ужо трэці год у нашым касцёле працуюць капуцыны. Наш пробашч – а. Арыюш Малыска, а зусім нядаўна прыехаў яшчэ адзін святар – а. Андрэй Квяцінскі, які дагэтуль працаваў у Смалявічах. Яны вельмі разумныя, адукаваныя людзі. Нам вельмі ў гэтым сэнсе пашчасціла...”, - сказала спадарыня Кардзіс.
Дзякуючы руплівай працы святароў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў ажывілася. Св. Імшы ў парафіі св. Барталамея цэлебруюцца выключна па-беларуску: штодзённа ў 18.00, акрамя панядзелка. У нядзелю ёсць дзве св. Імшы: ў 10.00 і 12.00. Парафія пастаянна пашыраецца, людзі вяртаюцца ў касцёл. Ужо трэці год запар дзеці прыступаюць да Першай Святой Камуніі. Праводзіцца катэхезізацыя, удзяляюцца хросты, заключаюцца сужэнствы. У касцёле пастаянна вядзецца рамонт. У бліжэйшы час замест старых крэслаў будуць устаноўлены новыя лавы, плануецца аздабленне тэрыторыі вакол святыні.
Важнай падзеяй у жыцці беларускіх католікаў у Вільні з’яўляецца штогадовы фэст з нагоды літургічнага ўспаміну св. Барталамея, які адзначаецца 24 жніўня. Ён стаў вельмі прыгожым святам, у якім прымаюць удзел не толькі мясцовыя вернікі, але і госці з Беларусі. У мінулым годзе ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.
Паводле спадарыні Кардзіс, беларусы-католікі ў Вільні вельмі падтрымліваюць сваіх душпастыраў і адчуваюць сваю адказнасць за жыццё парафіі. “Я думаю, што з Божай дапамогай, разам у нас усё атрымаецца”, - сказала яна на заканчэнне гутаркі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |