2018-03-10 14:20:00

Святы Айцец заклікаў будаваць культуру міласэрнасці


Глыбока ўкаранёная у сэрцы міласэрнасць дапамагае заўсёды спакойна глядзець на штодзённасць, падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для каталіцкай асацыяцыі “Фантан міласэрнасці” (Fontaine de la Misericorde), якая адбылася 10 сакавіка 2018 г. у Зале Кансісторыяў ватыканскага Апостальскага палаца.

Асацыяцыя дзейнічае ў франкамоўнай частцы Швейцарыі і некаторых рэгіёнах Францыі. Яе членаў, якімі з’яўляюцца свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы, аб’ядноўвае імкненне пашыраць духоўнасць, заснаваную на сустрэчы з Божай міласэрнасцю.

Быць сведкамі міласэрнасці Пана - гэта пакліканне да пачуцця прыгажосці і радасці ад таго, што з’яўляемся тымі, каго любіць Бог, адзначыў Святы Айцец. Ён заклікаў сваіх гасцей спрыяць пашырэнню культуры, якая грунтуецца на сустрэчы паміж людзьмі, дзе “ніхто не глядзіць на бліжняга з абыякавасцю і не адварочвае позірку ад пакутаў братоў”.

Францішак ухваліў адмысловыя фармацыйныя праграмы асацыяцыі, пакліканыя дапамагаць вернікам узрастаць у хрысціянскай духоўнасці. Ён заклікаў заўсёды трываць у малітве, бо ў блізкасці з Панам і слуханні Божага слова нам даецца магчымасць “штодзённа адраджацца ў жывой вадзе Яго міласэрнасці, якая выцякае з Яго адкрытага сэрца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.