2018-03-10 12:04:00

Былы Дзяржсакратар пра знаёмства і супрацоўніцтва з Папамі


Бэнэдыкт XVI намякаў на рашэнне адмовіцца ад папскага служэння падчас адной з прыватных аўдыенцый для кардынала Тарчызіа Бэртонэ, тагачаснага Дзяржсакратара Яго Святасці. Аб гэтым распавёў сам іерарх на старонках сваёй новай кнігі “Мае Папы” (I miei Papi), якая 20 сакавіка 2018 г. з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў. Яна ўтрымлівае ўспаміны італьянскага кардынала аб Пантыфіках, з якімі ён сустракаўся і супрацоўнічаў.

“Папа зрабіў кароткі намёк на магчымасць адмаўлення ад пятровага служэння падчас аўдыенцыі 30 красавіка 2012 г”, - напісаў кардынал Бэртонэ. Ён адзначыў, што потым пэўны час Бэнэдыкт XVI не ўзгадваў аб гэтым, але коратка вярнуўся да справы падчас канфідэнцыйнай гутаркі, якая адбылася паміж імі ў Кастэль-Гандольфа ў жніўні таго ж года.

“Мне было цяжка паверыць, што ён па-сапраўднаму прыняў такое рашэнне, таму я з павагай, але настойліва прадставіў яму шэраг аргументаў, якія мне падаваліся карыснымі з пункту гледжання Касцёла, каб не дапусціць агульнага засмучэння Божага народа перад рашэннем іх добрага пастыра”, - падзяліўся кардынал Бэртонэ.

Дагэтуль лічылася, што ўпершыню Бэнэдыкт XVI узгадаў пра магчымую адстаўку ў жніўні 2012 г., але словы кардынала сведчаць, што гэта адбылося на чатыры месяцы раней, а сваё рашэнне Папа прыняў неўзабаве пасля Апостальскага падарожжа на Кубу і ў Мексіку, якое прайшло 23-29 сакавіка 2012 г. Менавіта тады Пантыфік зразумеў, што больш не мае сіл на міжкантынентальныя пералёты і не зможа паляцець у Бразілію на Сусветныя дні моладзі.

У сваёй новай кнізе кардынал Бэртонэ распавёў, што з маленства меў асаблівыя адносіны да Пантыфікаў. Пра Пія ХІІ ён чуў з ранніх гадоў, таму што яго бацька пастаянна чытаў ватыканскую газету “L’Osservatore Romano”. Падчас вучобы ў Рыме ён быў сведкам адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора, памятае пахаванне Яна ХХІІІ і абранне Паўла VI. 

Успамінаючы пра адносіны з Янам Паўлам ІІ, былы ватыканскі Дзяржсакратар адзначыў, што яны часта размаўлялі пра футбол. Ведаючы, што кардынал Бэртонэ з’яўляецца заўзятарам італьянскага “Ювэнтуса”, і Ян Павел ІІ, і Бэнэдыкт XVI часта пыталіся ў яго пра вынікі гульні каманды.

Апошняя частка кнігі прысвечана шасцімесячнаму перыяду яго служэння падчас пантыфікату Францішка. У прыватнасці, кардынал Бэртонэ ўзгадаў аб супярэчлівай справе, якая тычылася ватыканскіх апартаментаў, у якіх ён пасяліўся пасля заканчэнне свайго служэння на пасадзе Дзяржсакратара. Іерарх падкрэсліў, што іх рэканструкцыя была ўзгоднена з Францішкам.








All the contents on this site are copyrighted ©.