2018-03-09 17:58:00

Папа: Божая любоў большая, чым можам сабе ўявіць


Божая любоў заўсёды большая, чым можам сабе ўявіць, падкрэсліў Францішак падчас пакаяннага набажэнства, якое вечарам 9 сакавіка 2018 г. прайшло ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. У казанні Пантыфік заўважыў, што наступствам граху з’яўляецца аддаленне ад Бога, але гэта не азначае, што Бог аддаляецца ад чалавека. 

“Стан слабасці і разгубленасці, у які нас уводзіць грэх, гэта яшчэ адна прычына для Бога, каб заставацца блізка нас. Упэўненасць у гэтым заўсёды павінна суправаджаць нас у жыцці”, - заклікаў Пантыфік і ў пацвярджэнне нагадаў словы апостала Яна: “Калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё”.

Паводле Папы, Божая ласка заўсёды дзейнічае ў нас, каб усё больш умацоўваць у надзеі, што не будзем адлучаны ад любові Пана, нягледзячы на грахі, якія можам учыніць ці адмаўленне Яго прысутнасці ў нашым жыцці. Францішак заклікаў па прыкладзе апостала Пятра, які здрадзіў Езусу, адкрыцца на любоў Бога, дазволіць Яму любіць і прабачыць сябе.

Пасля гаміліі Святы Айцец накіраваўся ў канфесіянал, дзе паспавядаўся і сам паспавядаў некалькі вернікаў, далучыўшыся такім чынам да агульнакасцёльнай ініцыятывы “24 гадзіны да Пана”, у рамках якой некаторыя касцёлы ва ўсіх дыяцэзіях свету будуць адчынены кругласутачна, каб усе жадаючыя маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.