2018-03-08 12:49:00

Папа: клопат Касцёла аб мігрантах павінен абудзіць свет


Неабходны канкрэтныя высілкі ў аказанні дапамогі мігрантам, каб не траплялі ў рукі гандляроў людзьмі, падкрэсліў Святы Айцец падчас сустрэчы з членамі Міжнароднай каталіцкай камісіі па міграцыі. Аўдыенцыя прайшла 8 сакавіка 2018 г. у Ватыкане на заканчэнне штогадовага пасяджэння гэтай арганізацыі.

Пантыфік нагадаў пра неабходвасць эфектыўных мер з боку дзяржаў па адказе на міграцыйны феномен. Ён заклікаў сваіх гасцей браць прыклад з Майсея, які настойліва звяртаўся да егіпецкага фараона, пераконваючы яго ў неабходнасці вызваліць ізраільскі народ. 

Сёння павінны быць вызвалены шматлікія прыгнечаныя, адчужаныя і сучасныя рабы, лічыць Папа. Для гэтага, на яго думку, патрэбны шчыры і адкрыты дыялог з кіруючым класам і разуменне ім сваёй адказнасці. Душпастырскі клопат Касцёла, у сваю чаргу, павінен стаць сведчаннем для абуджэння свету. 

Міжнародная каталіцкая камісія па міграцыі была заснавана ў 1951 г. па ініцыятыве Пія ХІІ, з мэтай дапамогі шматлікім мігрантам і бежанцам, якімі напоўнілася Еўропа пасля Другой сусветнай вайны. Гэта арганізацыя аб’ядноўвае прадстаўнікоў епіскапатаў і каталіцкіх гуманітарных арганізацый, якія дзейнічаюць у сферы аказання дапамогі мігрантам і бежанцам.








All the contents on this site are copyrighted ©.