2018-03-05 13:45:00

Папа прыняў на аўдыенцыі Канцлера Аўстрыі


5 сакавіка 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі Канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца. Сустрэча ў Апостальскім палацы доўжылася каля 35 хвілін. Пасля палітык правёў размову з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.

Падчас сардэчных перамоў былі адзначаны добрыя двухбаковыя адносіны і плённае супрацоўніцтва, якое існуе паміж Святым Пасадам і Аўстрыяй, падкрэсліваючы важнасць абароны жыцця і сям’і і садзейнічанне агульнаму дабру грамадства, асабліва ў дачыненні да самых уразлівых слаёў насельніцтва. Быў узгаданы ўклад краіны ў рамках Еўрапейскага саюза і неабходнасць салідарнасці паміж народамі. Увага была звернута на розныя актуальныя міжнародныя пытанні: міру, ядзернага раззбраення і міграцыі, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Пасля сустрэч, Курц паведаміў журналістам, што ён знаходзіцца пад уражаннем ад размовы з Папам. Сярод тэмаў гутаркі была таксама сітуацыя ва Украіне і Сірыі. Францішак са свайго боку падзяліўся сваім бачаннем змен у Касцёле. Важнай тэмай сталі сумесныя намагання Аўстрыі і Святога Пасаду ў галіне ядзернага раззбраення.

Гэта быў першы афіцыйны візіт новага кіраўніка аўстрыйскага ўрада ў Ватыкане, першага пасля многіх гадоў практыкуючага католіка на пасадзе канцлера. У красавіку 2015 г., яшчэ як міністр замежных спраў, Курц прымаў удзел у агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра.

31-гадовы Курц, які кіруе ўрадам Аўстрыі з 18 снежня 2016 г. – самы малады палітычны лідэр у свеце, глыбока веруючы, практыкуючы католік. Выконваючы важныя палітычныя функцыі ён ніколі не хаваў сваёй веры. Папулярны палітык амаль кожны год удзельнічае ў працэсіі Божага Цела ў сваёй роднай Вене. СМІ таксама паведамлялі аб яго ўдзеле у Маршы за Езуса, арганізаваным у 2016 г. у аўстрыйскай сталіцы. У адрозненне ад свайго сацыялістычнага суперніка, былога канцлера Хрысціяна Керна, ён дэманстратыўна адмовіўся ўдзельнічаць у “парадзе роўнасці”.

Важнай тэмай для Курца заўсёды была праблема пераследу хрысціян. Ён перакананы ў тым, што паслядоўнікі Хрыста з’яўляюцца групай, якая падвяргаецца найбольшаму пераследу ў свеце. Менавіта таму ў якасці аднаго з важных напрамкаў сваёй замежнапалітычнай дзейнасці ён выбраў абарону і дапамогу пераследаваным хрысціянам.








All the contents on this site are copyrighted ©.