2018-03-02 13:36:00

Папскі прапаведнік перасцярог ад “крывадушнай любові”


Зместу і сутнасці паняцця “хрысціянская святасць”, а таксама разважанню над яе галоўным складнікам – любоўю, прысвяціў сваё другое велікапостнае казанне для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. Яго італьянскі капуцын прамовіў раніцай 2 сакавіка 2018 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца.

Перш за ўсё, законнік нагадаў, што святасць – гэта дасканалае адзінства з Езусам, а “плады Духа Святога”, якія ўвасабляюць святасць, з’яўляюцца не вынікам чалавечай дзейнасці, але дарамі, атрыманымі падчас хросту і дзякуючы дзеянню Хрыста ў нашым жыцці.

Любоў, працягнуў прапаведнік, з’яўляецца першай і галоўнай хрысціянскай цнотай, спасцігнуць якую, аднак, складана, калі не ведаць яе таямніцы, якую знаходзім у Пасланні св. Паўла да Рымлянаў: “Любоў няхай будзе некрывадушнай” (Рым 12, 9). Учынкам міласэрнасці павінна папярэднічаць шчырае прагненне праявіць любоў да бліжняга. Бо чыніць дабро, не жадаючы яго, дэманстраваць яго знешне, не маючы адпаведнага прагнення ў сэрцы, – гэта і ёсць “крывадушная любоў”, перасцярог капуцын.

Якім жа чынам сапраўдная любоў павінна ўвасабляцца ў стасунках паміж членамі хрысціянскай супольнасці і па-за ёй? Адказ ізноў дае апостал Павел: “Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас” (Рым 12, 14), “не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу” (Рым 12, 19), “не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12, 21). Перад абліччам варожага свету, што адмаўляе Хрыста, трэба дбаць пра спагадлівае сэрца і духоўную самоту, якая б прымушала любіць і пакутаваць разам з Ім, падсумаваў законнік.

Нарэшце, з вучэння св. Паўла вынікае, што любоў да прыналежных да супольнасці хрысціян павінна палягаць на трох крытэрыях, заўважыў айцец Канталамеса. Першы заключаецца ў падпарадкаванні ўласнаму сумленню, якое дапамагае распазнаваць грэх, а значыць, пазбягаць яго. Другі – не асуджаць іншых, трэці – “не даваць брату прычыны для спатыкнення ці спакусы” (Рым, 14,13).

Сваё казанне пра хрысціянскую любоў як аснову святасці Прапаведнік папскага дома завяршыў заклікам апостала Паўла прымаць адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў кожнага дзеля хвалы Божай.








All the contents on this site are copyrighted ©.