2018-03-01 15:24:00

М’янма: пасля візіту Папы лепшыя кантакты Касцёла з уладамі


Пасля візіту Францішка ў М’янме ў канцы лістапада 2017 г., дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам у краіне і ваеннымі ўладамі стаў больш простым. Аб гэтым заявіў арцыбіскуп Рангуну, кардынал Чарльз Бо ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “ACI Stampa”. “У нас была магчымасць паразмаўляць з ваеннымі па праблеме бежанцаў у штаце Качын”, - прызнаўся іерарх.

Рэгіён, у якім пражывае вялікая колькасць хрысціян, як і іншыя часткі М’янмы пакутуе ў выніку канфліктаў паміж партызанамі і арміяй у барацьбе за сыравіну і рынак наркотыкаў. Следствам гэтых канфліктаў з’яўляецца вялікая колькасць бежанцаў унутры краіны. 

“У цяперашні час дыялог паміж касцёльнымі і ваеннымі ўладамі стаў магчымым пасля таго, як Папа неўзабаве пасля прыбыцця ў Рангун сустрэўся ў рэзідэнцыі арцыбіскупа з камандуючым узброенымі сіламі, генералам Мін Аун Хлаінгам”, - паведаміў кардынал Бо. Ён адзначыў, што сам факт таго, што ваенны быў запрошаны ў дом арцыбіскупа, супярэчыў дыпламатычнаму пратаколу і быў сустрэты са здзіўленнем.

Арцыбіскуп Рангуну ў чарговы раз выступіў у абароне кіраўніка ўрада Аун Сан Су Чжы, якая сустракаецца з крытыкай міжнароднага грамадскага меркавання за сваё стаўленне да пераследу мусульманскай супольнасці рахінджа. Ён падкрэсліў, што такія прэтэнзіі аслабляюць уплыў бірманскай палітык на будаванне дэмакратыі ў краіне. Гэта ставіць пад пагрозу не толькі лёс народу рахінджа, але і ўсёй краіны, спрыяючы яе ізаляцыі ад міжнародных партнёраў.

Наведанне галоўнакамандуючым арміяй арцыбіскупскага дому ў Рангуне, Зала Друку Святога Пасаду назвала “візітам ветлівасці”. Размова Папы з Мін Аун Хлаінгам працягвалася чвэрць гадзіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.