2018-02-21 15:09:00

Францішак: матчыная мова бароніць ад каланізацыі


21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета яго тэмай з'яўляецца: “Захаванне лінгвістычнай разнастайнасці і папулярызацыя мультылінгвізму дзеля спрыяння дасягненню мэтаў устойлівага развіцця”. Святы Айцец неаднойчы выказваўся аб важнасці роднай мовы для перадачы веры і евангелізацыі культуры.

Паводле Папы, “матчыная мова – гэта абарона ад ідэалагічнай і культурнай каланізацый, супраць уніфікацыі мыслення, мэтай якой – знішчыць разнастайнасць”. Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 23 лістапада 2017 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, ён казаў, што адным з індыкатараў ідэалагічнай каланізацыі з’яўляецца знішчэнне памяці і мясцовай гаворкі. 

Каланізатары нібыта кажуць: “Гісторыя пачынаецца з мяне, пачынаецца зараз, грунтуецца на тым, што я распавядаю, а не на памяці, якая вам была перададзена”. Захоўваць родную мову значыць супрацьстаяць такой культурнай экспансіі, бо, на думку Францішка, не існуе культурнай каланізацыі, якая магла б перамагчы дыялект.

У захаванні памяці і дыялекту заўсёды былі моцнымі жанчыны, прыклады чаго існуюць ад біблійных часоў да генацыдаў мінулага стагоддзя. Перадаючы веру, грунтуючыся пры гэтым на памяці і дыялекце, жанчыны вучаць дзяей сапраўдным каштоўнасцямі і такім чынам бароняць гісторыю ўсяго народа.

Аб важнасці перадачы веры на асаблівым дыялекце Францішак казаў 7 студзеня 2018 г., падчас св. Імшы з хрыстам для дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх структур. Вучыць дзяцей веры трэба на “дыялекце сям’і, дыялекце бацькі і маці, дзядулі і бабулі”. Гэтым дыялектам, з’яўляецца “мова любові”, на якой бацькі размаўляюць паміж сабой. Калі яе не будзе ў сямейным асяроддзі, здзейніць перадачу веры, якая з’яўляецца нялёгкай справай, будзе немагчыма, лічыць Папа.

Сустракаючыся з перуанскімі біскупамі ў Ліме, 21 студзеня 2018 г., і кажучы пра евангелізацыю карэнных народаў Лацінскай Амерыкі, Францішак зазначаў, што “трэба вучыцца размаўляць на мове іншых: толькі так Евангелле можа “быць зразуметым і прасякнуць сэрца”.

“Не дастаткова толькі прыйсці ў пэўнае месца і заняць тэрыторыю, трэба абудзіць працэсы ў жыцці людзей, каб вера пусціла карані і была мела вялікае значэнне. Для гэтага мы павінны размаўляць на мове іншых людзей, павінны дасягнуць тых месцаў, дзе ствараюцца новыя тэмы і парадыгмы, дасягнуць, з Божым словам, самых глыбокіх клетак душы нашых гарадоў і нашых народаў. Евангелізацыя культуры патрабуе ад нас уваходу ў сэрца самой культуры, каб яна была знутры асветлена Евангеллем”, - падкрэсліваў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.