2018-02-19 15:05:00

Папа прыняў адстаўку біскупа “крызіснай” дыяцэзіі ў Афрыцы


Святы Айцец прыняў адстаўку біскупа Пітэра Акпалеке, пастыра дыяцэзіі Ахіяра ў Нігерыі. Прызначаны ў 2012 г. іерарх не мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў з-за супрацьстаяння, якое, па этнічных прычынах, сустрэў з боку некаторай часткі мясцовага духавенства і свецкіх вернікаў. Біскуп Акпалепе прыналежыць да народнасці ібо, у той час як большасць насельніцтва дыяцэзіі Ахіяра складаюць прадстаўнікі народнасці мбаісэ.

8 чэрвеня 2017 г. Папа прымаў дэлегацыю нігерыйскай дыяцэзіі на аўдыенцыі ў Ватыкане, заявіўшы аб непрымальнасці падобнай сітуацыі. Праз некалькі дзён ён заклікаў кожнага мясцовага святара цягам трыццаці дзён скіраваць на яго імя пісьмовую заяву аб паслухмянасці і гатоўнасці прыняць прызначана ў 2012 г. біскупа.

“Тыя, хто супрацьстаіць уступленню на пасаду біскупа Акпалеке, жадае разбурыць Касцёл і здзейсняе смяротны грэх”, - падкрэсліваў Пантыфік. Ён адзначаў, што разумее строгасць прынятых ім мер, але “людзі, якія сеюць скандал, павінны несці за гэта адказнасць”.

На працягу наступнага месяца Папа атрымаў 200 лістоў ад мясцовых святароў, якія запэўнілі ў сваёй паслухмянасці і вернасці. Некаторыя, аднак, прызналіся ў цяжкасцях псіхалагічнага характару, якія, пасля гадоў канфлікта, перашкаджаюць іх супрацоўніцтву з біскупам. Улічваючы здзейсненае пакаянне Пантыфік вырашыў не прыбягаць да кананічных санкцый і даручыў Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў адказаць кожнаму з іх.

Ватыканская дыкастэрыя заклікала кожнага святара паразважаць аб цяжары учыненай Касцёлу Хрыста шкоды і пажадала, каб у будучыні ніколі не паўтараліся такія неразважлівыя жэсты супрацьстаяння законна прызначанаму Святым Айцом біскупу. Мясцовае духавенства было заклікана да здзяйснення жэстаў прабачэння і прымірэння ў адносінах да іерарха.

Францішак падзякаваў усім біскупам, святарам, законнікам і законніцам, якія праявілі блізкасць да біскупа Акпалеке і падтрымлівалі яго сваёй малітвай. Ён вырашыў не прызначаць новага біскупа, а даручыць кіраванне дыяцэзіяй Апостальскаму адміністратару “sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis”, якім стаў біскуп Луцыус Івэюру Угоры, пастыр суседняй дыяцэзіі Умуахія. 

Біскуп Акпалеке, у сваю чаргу, падкрэсліў, што вырашыў прыняць рашэнне аб адстаўцы кіруючыся дабром Касцёла. Ён заклікаў усіх святароў, якія супрацьстаялі яго прызначэнню, да глыбокай рэфлексіі над сваімі дзеяннямі, прабачэння і прымірэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.