2018-02-19 12:25:00

Найстарэйшы ў свеце кардынал адзначыў 99-годдзе


Найстарэйшы член Калегіі Кардыналаў, арцыбіскуп Хасэ дэ Хесус Пімьента Радрыгес, пастыр дыяцэзіі Манісалес на пенсіі, 18 лютага 2018 г. адзначыў сваё 99-годдзе. Калумбійскі іерарх быў прызначаны кардыналам падчас кансісторыя 14 лютага 2015 г., хоць і не прымаў непасрэднага ўдзелу ў цырымоніі па прычыне сталага ўзросту.

Знакі кардынальскай годнасці яму былі ўручаны праз два тыдні, 28 лютага 2015 г., у катэдральным касцёле Багаты, падчас урачыстай літургіі, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый ў Калумбіі арцыбіскуп Эторэ Балестрэра. Асабістая сустрэча іерарха з Францішкам адбылася толькі ў верасні 2017 г., падчас падарожжа Святога Айца ў Калумбію.

Пімьента Радрыгес атрымаў біскупскую сакру 28 жніўня 1955 г. і з’яўляецца адным з удзельнікаў Другога Ватыканскага Сабора. У 1972 г. ён быў абраны старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Калумбіі і заставаўся на гэтай пасадзе на працягу двух тэрмінаў – да 1978 г.

Рашэннем Паўла VI ад 22 мая 1975 г. Пімьента Радрыгес быў прызначаны арцыбіскупам Манісалеса. Іерарх з’яўляўся пастырам гэтай архідыяцэзіі на працягу 21 года, спрыяючы рэалізацыі дэкрэтаў Другога Ватыканскага Сабора, праяўляючы асаблівы клопат аб душпастырстве сем’яў і моладзі і не забываючы пра свет адукацыі і навукі.








All the contents on this site are copyrighted ©.