2018-02-17 14:03:00

Парэшткі Магдалены Радзівіл перапахаваны ў мінскім касцёле


“Яна вярнулася дадому” – гэтыя словы часцей за ўсё гучалі ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску. У беларускай сталіцы перепахаваны парэшткі вядомай мецэнаткі пачатку XX стагоддзя Магдалены Радзівіл. На св. Імшу, а потым цырымонію прыйшлі вернікі, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, прыехалі таксама і нашчадкі рода Радзівілаў – браты Мікалай і Мацей. Менавіта блізкія далі згоду на перапахаванне ў Мінску. Не яны так вырашылі, сказаў Мацей Радзівіл, гэта была мара і апошняя воля самой Магдалены.

“Для нас Радзівілаў, нашчадкаў Магдалены, яна самая вялікая беларуская прадстаўніца сям’і. Яна вельмі рана зразумела, што трэба звязаць спадчыну Радзівілаў і сям’і Завішаў, спадчыну Вялікага Княства Літоўскага з беларускай культурай і трэба яе падтрымаць”, - адзначыў Мацей Радзівіл у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Магдалена Радзівіл нарадзілася ў Варшаве, але з Беларуссю яе звязала шмат чаго: корні бацькоў, радавыя маёнткі, дзяцінства прайшло недалёка ад Мінска, потым другі шлюб – з Мікалаем Радзівілам, актыўная грамадская і дабрачынная дзейнасць. Княгіня фінансавала беларускія школы, бібліятэку, стыпендыі беларускіх студэнтаў, якія вучыліся ў Пецярбургу, выданне адзінага зборніка Максіма Багдановіча, кніг Якуба Коласа, нават сродкі ад продажу свайго брыльянтавага кал’е ахвяравала на заснаванне грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1918 годзе яна пакінула Беларусь, але заўсёды марыла вярнуцца, нагадаў журналіст Глеб Лабадзенка, які з’яўляецца адным з ініцыятараў перанясення праху Магдалены Радзівіл.

“Нягледзячы на тое, што гэта пахаванне, для мяне – гэта светлая падзея, гэта збіранне каменьчыкаў у наш нацыянальны пантэон, гэта ўспамін гісторыі і нацыянальнай годнасці. Вядома, што Магдалена не аднойчы спрабавала вярнуцца ў Мінск пры жыцці, але не змагла гэта зрабіць. І тое, што гэта адбылося пасля яе смерці, сведчыць пра тое, што мы ўспамінаем сваіх герояў і дзякуем ім у такой форме”, - падкрэсліў Глеб Лабадзенка. 

Шмат часу імя Магдалены Радзівіл не ўзгадвалі шырока, але сёння, атрымліваецца роўна праз сто гадоў, яно зноў паўстала. Перапахаванне прайшло ўрачыста і пры вялікай колькасці людзей. Апошнім месцам зямнога шляху стаў Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску. Цяпер на одной з калон храма – барэл’еф з выявай Магдалены Радзівіл, а каля яго – жывыя кветкі. 

Магдалена Радзівіл была шчырай, добрай, уважлівай да спадчыны і ўдзячнай свайму народу да канца дзён. Гэта і ёсць сапраўднае хрысціянства, падкрэсліў пробашч касцёла, кс. Юрый Санько. Святар запэўніў – справа мецэнаткі будзе працягнута. “Сродкі, сабраныя падчас гэтай св. Імшы, будуць передадзены ў Магілёўскую вобласць. Вядома, будзе малітва за Магдалену Радзівіл, а таксама ў планах кожны год праводзіць літаратурныя вечары яе памяці, падчас якіх будуць чытацца творы беларускіх аўтараў і збірацца сродкі для дапамогі нашым святарам, дыяцэзіі. Таму і пасля вяртання на радзіму, яе справа будзе працягвацца”, - адзначыў святар. 

Таксама ў перспектыве – стварэнне фонду Магдалены Радзівіл, каб аказваць падтрымку таленавітай беларускай моладзі. Яна вярнулася дадому, каб зноў дапамагаць.    








All the contents on this site are copyrighted ©.