2018-02-16 14:36:00

Пантыфік: Блізкі Усход патрабуе добрых пастыраў


Каб не быць “паглынутымі культурай часовага і ілюзорнага”, трэба развіваць “антыцелы супраць марнасці і пасрэднасці”, адзначыў Францішак падчас аўдыенцыі для семінарыстаў Папскага мараніцкага калегіума, якіх 16 лютага 2018 г. прыняў у Ватыкане. 

У прамове Пантыфік заўважыў, што “чалавечае, інтэлектуальнае і духоўнае ўзбагачэнне”, якое яны атрымліваюць у Рыме, “не з’яўляецца ўзнагародай, ні, тым больш, здабыткам для ўласнай кар’еры, але скарбам, прызначаным вернікам”, якія чакаюць іх у парафіях. 

Святы Айцец нагадаў, што дызарыентаванае нестабільнасцю насельніцтва Блізкага Усходу патрабуе пастыраў, якія змогуць яго суцешыць; пастыраў з Хрыстом на вуснах, гатовымі выцерці слёзы і прыгарнуць пакутуючых; пастыраў, якія забываюць пра сябе і пра ўласныя інтарэсы; пастыраў, якія ніколі не апускаюць рукі, бо штодня чэрпаюць з эўхарыстычнага хлеба салодкую сілу любові; пастыраў, якія не баяцца ахвяраваць сябе людзям, на падабенства добрага хлеба, што ахвяруецца братам.

Францішак заклікаў семінарыстаў перамагаць спакусу “дзейнічаць на манер гэтага свету, шукаючы моцных, а не слабых, гледзячы на тых, хто мае сродкі, а не на тых, хто іх пазбаўлены”. Перад абліччам такіх спакусаў трэба неадкладна вяртацца да каранёў, “да Езуса, які адмовіўся ад поспеху, славы, грошай, бо адзіным скарбам, які надаваў арыенцір Яго жыццю, была воля Нябеснага Айца”, заўважыў Святы Айцец. 

Папа заклікаў сваіх гасцей углядацца ў прыклад шматлікіх мараніцкіх святых, якія былі здольнымі перамагаць спакусы кар’ерызма, улады і клерыкалізма. Ён пажадаў семінарыстам спрыяць міру, братэрству і інтэграцыі, а таксама праяўляць асаблівы клопат да моладзі, надзеі на будучыню.

Мараніцкая Каталіцкая Царква – адна з шасці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, пераважна прысутная на тэрыторыі Лівана і Сірыі. Выхадцы з гэтых краін складаюць большую частку навучэнцаў Папскага мараніцкага калегіума ў Рыме. Вучэбная ўстанова была заснавана 27 чэрвеня 1584 г. папам Грыгорыем XIII. 








All the contents on this site are copyrighted ©.