2018-02-11 14:32:00

Папа: не хвароба, а грэх робіць нас нячыстымі


Мы маем патрэбу ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, які вяртае нашы сыноўскія адносіны з Богам і поўную еднасць з супольнасцю вернікаў, бо менавіта грэх робіць нас нячыстымі, заўважыў Святы Айцец 11 лютага 2018 г. у сваім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”.

“У апошнія нядзелі Евангелле св. Марка прадстаўляе нам Езуса, Які аздараўляе людзей з розных хваробаў, - заўважыў Папа. - У гэтым кантэксце змяшчаецца і Сусветны дзень хворага, які адзначаецца сёння, 11 лютага, у свята Маці Божай з Лурду. Такім чынам, з сардэчным поглядам, накіраваным у бок Масабэльскага грота, сузіраем Езуса як сапраўднага лекара цела і душы, Якога Бог Айцец паслаў у свет, каб вылечыць чалавецтва, параненае грахом і яго наступствамі.

Старонкі сённяшняга Евангелля (Мк 1, 40-45) рапавядаюць нам пра вылячэнне чалавека, які пакутуе ад праказы, хваробы, што ў Старым Запавеце лічылася сур’ёзным відам нячыстасці і была звязана з выдаленнем пракажонага з грамадства. Яго стан быў вельмі пакутлівым, таму што паводле менталітэту тых часоў ён адчуваў сябе нячыстым і перад Богам, не толькі перад людзьмі. Таму пракажоны з Евангелля моліць Езуса наступнымі словамі: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць” (Мк 1, 40).

Пачуўшы гэта, Езус адчуў літасць (Мк 1, 41). Вельмі важна засяродзіць нашу ўвагу на ўнутранай рэакцыі Езуса, як мы рабілі на працягу доўгага часу падчас Юбілею Міласэрнасці. Не зразумееш справы Хрыста, не зразумееш самога Хрыста, калі не ўнікнеш ў Яго сэрца, поўнае спагады і міласэрнасці. Гэта сэрца стымулюе Яго падаць руку дапамогі чалавеку, які церпіць ад праказы, дакрануцца да яго і сказаць яму: “Хачу, будзь ачышчаны” (Мк 1, 40). Самым шакавальным фактам з’яўляецца тое, што Езус датыкаецца да пракажонага, хоць гэта было абсалютна забаронена законам Майсея. Дотык пракажонага азначаў таксама і ўнутранае заражэнне, духоўнае, ператварэнне ў нячыстага. 

Але ў дадзеным выпадку гэта не пракажоны ўплывае на Езуса, перадаючы інфекцыю, але Езус уздзейнічае на пракажонага, каб прынесці яму ачышчэнне. У гэтым вылячэнні мы захапляемся, у дадатку да літасці і міласэрнасці, смеласцю Езуса, Якога не пужаюць заражэнне ці правілы; Ён жадае выключна вызваліць чалавек ад нязноснага праклёну.

Браты і сёстры, ніякая хвароба не з’яўляецца прычынай нячыстасці: хвароба, вядома, паглынае ўсяго чалавека, але ніякім чынам не закранае або перашкаджае яго адносінам з Богам. Наадварот, чалавек можа быць яшчэ больш злучаны з Богам. Гэта грэх робіць нас нячыстымі! Эгаізм, пыха, уваход у свет распусты, гэта захворванні сэрца, з якіх мы павінны быць ачышчаны, звяртаючыся да Езуса, як пракажоны: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. І цяпер давайце застанемся на імгненне ў цішыні, і няхай кожны з нас падумае, што адбываецца ў нашым сэрцы, зазірне ўнутр сябе, каб убачыць свае “нячыстасці”, свае грахі, і няхай кожны з нас моўчкі, але голасам сэрца скажа Езусу: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць!”. І кожны раз, калі прыступаем да сакрамэнту паяднання з пакаянным сэрцам, Пан паўтарае нам: “Хачу, будзь ачышчаны”. Гэта вялікая радасць! Такім чынам знікае праказа граху, вяртаемся да жыцця з радасцю, у нашым сыноўскім саюзе з Богам, поўнасцю ўключанымі ў супольнасць.

Праз заступніцтва Панны Марыі, нашай Беззаганнай Маці, будзем прасіць Пана, Які хворым прынёс вылячэнне, каб у сваёй бясконцай міласэрнасці загаіў і нашы ўнутраныя раны, каб аднавіў у нас надзею і спакой сэрца”, - сказаў Пантфыік.

На заканчэнне малітоўнай сустрэчы Францішак прывітаў прысутных на плошчы рымлян і пілігрымаў і папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.