2018-02-10 12:23:00

Laudato Sì: у Рыме пройдзе форум па экалагічным выхаванні


7-8 сакавіка 2018 г. у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме адбудзецца канферэнцыя “Радыкальнае экалагічнае навяртанне пасля Laudato Sì. Выяўляючы каштоўнасць, уласцівую ўсяму стварэнню”. Форум арганізуецца пры падтрымцы Пасольстваў Грузіі, Германіі і Нідэрландаў пры Святым Пасадзе.

Мерапрыемства збярэ разам святароў, законнікаў, навукоўцаў і настаўнікаў, каб прааналізаваць працэс уключэння ў акадэмічныя, рэлігійныя і грамадскія колы экалагічнага навучання Святога Айца Францішка, заключанага ў яго Энцыкліцы “Laudato Sì”, і ўсвядоміць неабходнасць рэарганізацыі чалавечага грамадства ў кірунку большай павагі да ўсяго жывога, гаворыцца ў прэс-рэлізе канферэнцыі.

Падчас яе працы будуць разглядацца спосабы, у якія Каталіцкі Касцёл на тэалагічным і духоўным узроўнях можа спрыяць больш шырокаму ўключэнню ў рэлігійныя адукацыйныя праграмы, этычнае і дактрынальнае вучэнне Касцёла, у літургічную практыку і місійнае служэнне ідэі экалагічнага выхавання.

Арганізатары форуму выказалі надзею, што ён стане “каштоўным унёскам у далейшае развіццё новай вучэбнай праграмы, прысвечанай “Laudato Sì”, у Папскіх універсітэтах Рыма, а таксама штуршком для далейшага вывучэння і абвяшчэння епіскапатамі асобных краін і каталіцкімі ВНУ, духоўнымі семінарыямі і манаскімі ордэнамі паслання, змешчанага ў гэтай энцыкліцы”.

Канферэнцыя пройдзе пры ўдзеле Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Чакаецца таксама, што адмысловыя пасланні да ўдзельнікаў форуму скіруюць Пантыфік і Патрыярх Канстантынопальскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.