2018-02-05 12:50:00

Ватыканскі іерарх аб новай ядзернай стратэгіі ЗША


Новая ядзерная стратэгія ЗША з’яўляецца крокам назад у гісторыі, які вяртае ў часы халоднай вайны, падкрэсліў арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Абноўленая ядзерная дактрына Злучаных Штатаў была апублікавана 2 лютага 2018 г. і прадугледжвае значнае абнаўленне ядзернага патэнцыяла гэтай краіны.

Тамазі – аўтарытэтны ватыканскі дыпламат, былы прадстаўнік Святога Пасаду пры структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, які ў цяперашні час з’яўляецца членам новай Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека. 

Паводле яго слоў, гонка ўзбраенняў вярнулася і дзеянні ЗША парушаюць бягучую сітуацыю. Цяпер вялікая колькасць фінансавых сродкаў будзе ўкладацца ў развіццё абарончага сектару замест сацыяльных паслуг, якія неабходны людзям. Акрамя таго, умацуецца напружанасць у свеце, у якім ніхто не будзе абаронены ад выпадковага ці наўмыснага ядзернага нападу, лічыць ён.

Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў, што “гонка ўзбраенняў з’яўляецца пагрозай, бо калі хтосьці ўзбройваецца новымі знішчальнымі прыладамі і ўсё больш сучаснымі тэхналогіямі, тады іншым таксама прыдзецца прадпрымаць крокі, каб мець падобныя або нават большыя магчымасці". У выніку ствараецца заганнае кола, заўважыў ватыканскі дыпламат.

Узгадваючы словы папы Францішка, былы шматгадовы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе, заклікаў да ядзернага разбраення, а таксама стварэння міжнародных стасункаў, заснаваных на даверы, а не на ўзаемных пагрозах. “Вось шлях, які вядзе да міру і развіцця, а не гонка ўзбраенняў”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.