2018-02-02 13:54:00

Ватыканская каманда выступіць на Алімпійскіх гульнях


Упершыню Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна запрасіў Апостальскую Сталіцу на цырымонію ўрачыстага адкрыцця зімовай Алімпіяды, якая пачнецца 9 лютага 2018 г. у горадзе Пхенчхан у Паўднёвай Карэі. Раней, 5-7 лютага, ватыканская дэлегацыя, якую ўзначаліць падсакратар Папскай рады па культуры, мансеньёр Мэльчор Санчэс дэ Toкa ўпершыню паўдзельнічае ў Генеральнай Асамблеі Камітэта ў якасці назіральніка. Ватыканская каманда таксама ў першы раз возьме ўдзел у спаборніцтвах.

“Адкрыццё Гульняў у горадзе недалёка ад мяжы, якая падзяляе дзве Карэі і самай ваенізаванай у свеце набывае сімвалічнае значэнне ў сувязі з наяўнасцю паўночнакарэйскіх спартсменаў”, - сказаў ватыканскі супрацоўнік газеце “L’Osservatore Romano”. Ён дадаў, што асабліва паказальным з’яўляецца той факт, што яны выступяць ў адной камандзе “са сваімі калегамі з Паўднёвай Карэі”. Такім чынам, “крохкі алімпійскі мір па-ранейшаму дазваляе мець надзею на свет без вайны, нягледзячы на шматлікія няспынныя канфлiкты”, - сказаў святар.

Падчас Генеральнай Асамблеі ватыканская дэлегацыя у знак сяброўства ўручыць старшыні МАК Томасу Баху і членам агульнай карэйскай каманды футболкі з надпісам “Athletica Vaticana”. Гэта 30-асабовая група бегуноў – мужчын і жанчын – якая складаецца з супрацоўнікаў розных устаноў Ватыкана.

Апостальская Сталіца ўпершыню прымала ўдзел у цырымоніі адкрыцця летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 г., але яшчэ ніколі перад Пхенчханам не ўдзельнічала ў сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта і ў саміх спаборрніцтвах, хоць гэта і будзе скарэй сімвалічнае выступленне. Пашырэннем гэтых кантактаў стане выступленне ватыканскай каманды на моладзевых Алімпійскіх гульнях, якія ў кастрычніку 2018 г. пройдуць у Буэнас-Айрэсе.








All the contents on this site are copyrighted ©.