2018-01-31 13:57:00

Святы Пасад будуе адносіны з кітайскімі ўладамі


Святы Пасад у дыялогу з уладамі ў Пекіне мае на ўвазе, перш за ўсё, духоўную карысць вернікаў, а не часовыя рэчы, падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы патлумачыў, што ў дзейнасці Апостальскай Сталіцы заўсёды пераважае душпастырскі падыход, туму яна заўсёды імкнулася пераадолець супярэчнасці, будучы гатовай да канструктыўнага дыялогу з уладамі. Іерарх нагадаў, што гэты дыялог вядзецца з васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Францішак працягвае лінію сваіх папярэднікаў: адкрытасць да канструктыўнага дыялогу і вернасць аўтэнтычнай традыцыі Касцёла, сказаў кардынал Паралін у інтэрв’ю парталу “Vatican Insider”.

Мэта, якую ў перамовах з Кітаем ставіць Апостальская Сталіца – неабходнасць захавання адзінства паміж біскупамі і Наступнікам св. Пятра. “Камунія паміж Рымскім Пантыфікам і ўсімі каталіцкімі біскупамі тычыцца сутнасці адзінства Касцёла: гэта не прыватная справа паміж Папам і кітайскімі біскупамі або паміж Святым Пасадам і грамадзянскімі ўладамі”, - патлумачыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Ён дадаў, што ў Кітаі няма двух Касцёлаў, “ёсць дзве супольнасці вернікаў, закліканыя прыняць паступовы працэс паяднання да адзінства”. Гаворка ідзе “аб пошуку рэалістычных душпастырскіх рашэнняў, якія дазволяць католікам жыць верай і працягваць справу евангелізацыі ў канкрэтным кітайскім кантэксце”, патлумачыў кардынал. Ён прызнаў, што ў выключнай важнасці пытанні, якім з’яўляецца намінацыя біскупаў, шлях да пагаднення не просты.

Што тычыцца дыялогу з уладамі ў Пекіне, “Касцёл не хоча нічога больш, чым вызнаваць сваю веру з большым спакоем, канчаткова завяршаючы працяглы перыяд напружанасці, адкрываючы прастору большага даверу, прапануючы станоўчы ўклад католікаў на карысць усяго кітайскага грамадства”, - сказаў у інтэрв’ю бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Ён адзначыў, што вернасць Святому Айцу патрабуе сыноўняй пакоры, нават калі не ўсё здаецца ясным, і гэта не азначае сцірання гераічнага сведчання пакут за веру. Кардынал Паралін папрасіў кітайскіх католікаў не асуджаць іншых і не выкарыстоўваць мінулага для правакавання новых канфліктаў.

Што тычыцца крытычнага стаўлення да некаторых ініцыятыў, кардынал Паралін падкрэсліў наяўнасць свабоды выказвання ўнутры Касцёла, а таксама неабходнасць, каб крытыкі імкнуліся да адзінства, а не падзелаў. “Апостальская Сталіца імкнецца знайсці сінтэз ісціны і рэалістычнай рэакцыі на законныя чакання вернікаў, як унутры, так і па-за межамі Кітая. Патрэбна больш пакоры і духа веры, каб разам адкрыць Божы план для Касцёла ў Кітаі. Ад кожнага патрабуецца больш асцярожнасці і ўмеранасці, каб пазбегнуць бясплённых палемік, якія раняць камунію і крадуць надзею на лепшую будучыню”, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці.

Ён заклікаў адрозніваць духоўнае і душпастырскае вымярэнні ад палітычнага. “Пасланне Апостальскай Сталіцы, гэтага пасланне добрай волі, імкненне да развіцця дыялогу, каб садзейнічаць жыццю Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, на карысць кітайскага народа і міру ва ўсім свеце”, - сказаў кардынал Пьетра Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.