2018-01-30 12:37:00

Францішак пра рысы сапраўднага пастыра


Сапраўдны пастыр, па прыкладзе Езуса, павінен сведчыць сваёй пастве пяшчоту і блізкасць, а не цяжар прысуду, сказаў Папа 30 студзеня 2018 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Марка (5, 21-43) аб уваскрашэнні дачкі Яіра і вылячэнні жанчыны, якая хварэла на крывацёк. 

Францішак адзначыў, што гэты евангельскі ўрывак павінен быць прадметам не толькі разважання, але і сузірання, паколькі адлюстроўвае звычайны дзень у жыцці Езуса, які павінен стаць мадэллю дзейнасці для біскупаў і святароў. Гэта быў час, праведзены сярод людзей, у асяроддзі натоўпу.

“Езус не адкрывае духоўную кансультацыю з надпісам: “Прарок прымае ў панядзелак, сераду і пятніцу з 15.00 да 18.00. Прыём каштуе столькі і столькі, або, калі жадаеце, можаце даць ахвяру”. Не, Езус не робіць гэтага. Ён не адкрыў медыцынскі кабінет з надпісам: “Няхай хворыя прыйдуць у такі і такі дзень і будуць вылечаны”. Езус ідзе ў асяроддзе людзей”, - пракаментаваў Святы Айцец. Езус ніколі не здаецца, і плаціць за гэта нават “ганьбай” і “здзекам” з боку іншых. Гэта прыкметы стаўлення сапраўднага пастыра, дадаў Францішак.

“Пастыр быў памазаны алеем падчас святарскага або біскупскага пасвячэння. Але сапраўдным, унутраным алеем з’яўляецца алей блізкасці і пяшчоты. Пастыру, які не ўмее сведчыць блізкасці, нечага не хапае: магчыма, ён з’яўляецца гаспадаром поля, але не пастырам. Пастыр, якому не хапае пяшчоты, будзе суровым, будзе хвастаць авечак. Блізкасць і пяшчота: мы бачым іх у гэтым урыўку. Такім быў Езус”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што і пастыр, падобна Езусу, завяршае свой дзень стомленым, таму што зрабіў шмат добрага. І калі такім будзе яго стаўленне, народ адчуе жывую прысутнасць Бога.

Францішак заклікаў маліцца за пастыраў, каб Бог даў ім ласку вандравання з людзьмі, прысутнасці сярод народа з вялікай любоўю і блізкасцю. “І калі народ знаходзіць свайго пастыра, пачынае адчуваць нешта асаблівае, тое, што адчуваецца толькі ў прысутнасці Бога. Сённяшняе Евангелле завяршаецца словамі: “І замерлі ў вялікім здзіўленні”, здзіўленні ад пачуцця блізкасці і пяшчоты Бога”, - заўважыў Папа падчас сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.