2018-01-30 11:07:00

Праз два дні епіскапат Беларусі сустрэнецца з Папам


1 лютага 2018 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў поўным складзе сустрэнецца са Святым Айцом. Адбудзецца гэта ў рамках візіту “аd limina Apostolorum”. Пантыфік будзе размаўляць з іерархамі спантанна за зачыненымі дзвярыма, паколькі Францішак аддае перавагу гутарковай манеры выказвання падчас размоў у рамках “аd limina”. Запланавана, што сустрэча будзе доўжыцца каля двух гадзін – з 10.00 да 12.00. Візіт будзе працягвацца з 1 па 7 лютага 2018 г.

У такім фармаце епіскапат беларусі сустракаўся з Пантыфікам восем гадоў таму – 17 снежня 2009 г. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да іерархаў з пасланнем, у якім заклікаў няспынна абвяшчаць Евангелле, узмацняць еднасць Касцёла, развіваць катэхізацыю і клапаціцца аб новых пакліканнях. Ён адзначыў таксама важнасць грунтоўнай падрыхтоўкі святароў, супрацоўніцтва з брацкай Праваслаўнай Царквой дзеля агульнага дабра вернікаў і пошуку належных адказаў на выклікі нашага часу.

Паводле традыцыі, у межах візіту “аd limina Apostolorum” біскупы з усяго свету прыбываюць у Рым. Раней гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, падчас апошніх пантыфікатаў радзей. Іерархі прадстаўляюць Святому Айцу сітуацыю ў сваіх дыяцэзіях і сустракаюцца з кіраўніцтвам розных дыкастэрый Рымскай курыі.

Перад візітам біскупы рыхтуюць справаздачу пра становішча кожнай дыяцэзіі і ў цэлым у Касцёле ў Беларусі. У Кангрэгацыі па справах Біскупаў такую справаздачу прадставіць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч; у Кангрэгацыі па справах Духавенства – біскуп Віцебскі Алег Буткевіч; у Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі – арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч; у новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця – біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка; у Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў – Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек; у Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству – дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі; у кангрэгацыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі; у Кангрэгацыі Веравучэння – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі; у Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў – арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

1 лютага беларускія біскупы адправяць св. Імшу на алтары ля магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы, а ў наступныя дні ў іншых трох вялікіх базыліках Рыму. Іх чакае сустрэча ў штаб-кватэры экуменічнай супольнасці св. Эгідзія.

Апошні візіт “аd limina Apostolorum” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбыўся 11-17 снежня 2009 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.