2018-01-29 12:01:00

Папа: ахоўваць санктуарый сумлення вернікаў


Да клопату аб хрысціянскім сумленні вернікаў заклікаў Францішак у сваёй прамове, прымеркаванай да пачатку новага судовага года ў Трыбунале Рымскай Роты, у кампетэнцыі якой, між іншым, знаходзіцца прыняцце рашэнняў адносна прызнання сапраўднасці ці несапраўднасці сужэнстваў. Святы Айцец сустрэўся з яе супрацоўнікамі 29 студзеня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Тэма хрысціянскага сумлення шырока абмяркоўвалася падчас апошняга Сінода Біскупаў, а таксама гучыць у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”. Яна мае важнае значэнне для людзей, якія рыхтуюцца заключыць сужэнскі саюз і стварыць сям’ю паводле Божай задумы, таму клопат аб “санктуарыі хрысціянскага сумлення”, асвечанага евангельскімі каштоўнасцямі, з’яўляецца тэрмінова важным, дадаў Папа.

Францішак нагадаў пра неабходнасць захавання адносін паміж вернасцю Касцёла недатыкальнаму вучэнню, у тым ліку аб сужэнстве, і тэрміновай увагай да псіхалагічных і рэлігійных працэсаў людзей, пакліканых да сужэнскага і сямейнага выбару. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да тэмы сужэнскага катэхуменату для моладзі і пар, які павінен спрыяць ажыўленню іх хрысціянскага сумлення. 

“Сакрамэнтальны намер ніколі не з’яўляецца плёнам пэўнага аўтаматызма, але заўсёды сумлення, асветленага верай, як вынік узаемадзеяння паміж чалавечым і Божым. У гэтым сэнсе, сужэнскі саюз можа называцца сапраўдным, толькі калі чалавечыя намеры, скіраваны на тое, чаго жадаюць Хрыстус і Касцёл”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў ватыканскіх судовых супрацоўнікаў пазбягаць бюракратычнага падыходу да працы. Калі касцёльныя трыбуналы паддадуцца гэтай спакусе – здрадзяць хрысціянскаму сумленню, сказаў Францішак. Ён дадаў, што нельга дапускаць, каб сумленне вернікаў, якія знаходзяцца ў цяжкасцях па прычыне стану свайго сужэнства, закрылася на шляхі Божай ласкі. 

Паводле Пантыфіка, гэта мэта дасягаецца з дапамагой душпастрыскага суправаджэння, праніклівасці сумлення і працы трыбуналаў. “Гэта праца павінна выконвацца з мудрасцю і пошукам праўды: толькі так прызнанне несапраўднасці сужэнства прывядзе да вызвалення сумлення”, - падкрэсліў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.