2018-01-27 14:54:00

Францішак сустрэўся з валанцёрамі Чырвонага крыжа


Дзейнасць Чырвонага Крыжа спрыяе пашырэнню новай ментальнасці: больш адкрытай і салідарнай, падкрэсліў Святы Айцец падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў італьянскага аддзялення гэтай міжнароднай дабрачыннай арганізацыі. Сустрэча прайшла 27 студзеня 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. У ёй прынялі ўдзел каля 7 тыс. чалавек. 

Францішак падзякаваў супрацоўнікам Італьянскага Чырвонага Крыжа за іх служэнне ў самых складаных і небяспечных сітуацыях, за дапамогу ахвярам прыродных катаклізмаў і мігрантам, якія праз мора спрабуюць патрапіць на еўрапейскі кантынент. “Ваша прысутнасць побач з мігрантамі – гэта прароцкі знак, так неабходны нашаму свету”, - сказаў ён.

Святы Айцец высока адзначыў каштоўнасць служэння валанцёраў, пакліканых схіляцца над кожным, хто апынаецца ў патрэбе, і аказваць ім дапамогу з любоўю і бескарыслівасцю. Місія валанцёраў нагадвае аб постаці Добрага Самараніна, з евангельскай прыпавесці, невычэрпнае багацце якой пралівае святло на дзейнасць і каштоўнасці Чырвонага Крыжа, лічыць Папа.

Францішак нагадаў, што ў аснове Статута гэтай арганізацыі знаходзіцца прынцып чалавечнасці. “Чалавечнасць, у сілу якой вы бярэце на сябе цяжар пакут многіх людзей, з’яўляецца той жа самай, якая пабудзіла Добрага Самараніна схіліцца над параненым чалавекам, што ляжаў на зямлі. Ён адчуў спачуванне і стаў яго блізкім: без спагады ён трымаўся бы на адлегласці, і чалавек, пабіты разбойнікамі, застаўся бы для яго безаблічнай рэччу”, - сказаў Пантыфік.

Пантыфік нагадаў пра існаванне вялікай колькасці дзяцей, старых, жанчын і мужчын, “твары якіх не прызнаюцца ўнікальнымі і непаўторнымі, але застаюцца нябачнымі, бо схаваны ў ценю абыякавасці”. “Гэта перашкаджае нам убачыць іншага чалавека, пачуць яго крык і зразумець яго пакуты. Культура адчужэння – вельмі актуальная сёння – з’яўляецца ананімнай: яна пазбаўлена сувязяў і абліччаў, яна клапоціцца толькі пра нямногіх, выключаючы многіх іншых”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, сцвярджэнне прынцыпу чалавечнасці, азначае спрыянне такому светаўяўленню, пры якім высока цэніцца кожная асоба, а ў цэнтр грамадскага жыцця ставяцца не эканамічныя інтарэсы, а клопат пра людзей. “Не грошы ў цэнтры, а людзі!”, - падкрэсліў ён.

Папа заўважыў, што Добры Самаранін дзейнічае з такой непрадузятасцю, якая зацверджана ў якасці другога прынцыпа Статута Чырвонага Крыжа. “Перш чым дапамагчы, ён ні аб чым не пытаецца ў чалавека, які ляжыць на зямлі, не ставіць пытанняў аб яго паходжанні і веры, не імкнецца зразумець ці яго пабілі памылкова ці па заслугах (...) Ён проста аблягчае яго пакуты, а затым перадае яго гаспадару заезда, у першую чаргу клапоцячыся аб яго неадкладных матэрыяльных патрэбах”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў постаці Добра Самараніна ясна бачна постаць самаго Хрыста, які схіліўся над чалавецтвам і над кожным з тых, каго ён пажадаў назваць братамі, не робячы ніякага разбору, але прапануючы Сваё збаўленне кожнаму чалавеку.








All the contents on this site are copyrighted ©.