2018-01-25 15:23:00

Пантыфік на інаўгурацыю новай кафедры “Gaudium et spes”


Папа Францішак скіраваў 25 студзеня 2018 г. адмысловае пасланне на імя арцыбіскупа Вінчэнца Палья, Вялікага канцлера Папскага тэалагічнага інстытута Яна Паўла ІІ навук аб сужэнстве і сям’і, з нагоды ўрачыстага адкрыцця ў гэтай установе новай кафедры – “Gaudium et spes”.

Дата, абраная для гэтай урачыстасці, сімвалічная, бо нагадвае пра найвялікшую рэлігійную падзею XX ст., – скліканне св. Янам XXIII 25 студзеня 1959 г. Другога Ватыканскага Сабора, адным з выніковых дакументаў якога і стала пастырская Канстытуцыя “Gaudium et spes”, нагадаў Пантыфік на пачатку свайго звароту.

“Gaudium et spes” стала ўвасабленнем глыбокага абноўленага разумення Каталіцкім Касцёлам “евангелля сям’і”, якое праз шэраг этапаў прывяло да інтэнсіўнага сінадальнага перыяду, вынікам якога стала Апостальская адгартацыя “Amoris laetitia”, напісаў Францішак. Таму, на яго думку, новая кафедра будзе цалкам адпавядаць гарызонту адмысловай акадэмічнай місіі ў пытаннях сужэнства і сям’і, якую здзяйсняе навучальная ўстанова.

“Спадзяюся, што новая кафедра зможа паспрыяць таму, каб ваш інстытут знаходзіўся ў першых шэрагах адносна новых пастырскіх выклікаў, на якія хрысціянская супольнасць заклікана адказаць”, – гаворыцца ў пасланні.

Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла ІІ існуе з 1981 г. і першапачаткова называўся інстытутам па даследаваннях сужэнства і сям’і. У верасні 2017 г. Францішак выдаў Апостальскі ліст у форме “motu proprio” пад назвай “Summa familiae cura”, якім зацвердзіў новую назву ўстановы – Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла ІІ навук аб сужэнстве і сям’і. Задача абноўленай структуры заключаецца ў ажыццяўленні вынікаў двух апошніх сесій Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, якія прайшлі ў 2014 і 2015 гг., а таксама рэалізацыя пастулатаў Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”.








All the contents on this site are copyrighted ©.