2018-01-24 13:44:00

Святы Айцец падвёў вынікі свайго візіту ў Чылі і Перу


Пантыфік прысвяціў агульную аўдыенцыю падвядзенню вынікаў свайго 22-га замежнага падарожжа ў Чылі і Перу, з якога ён вярнуўся два дні таму. 24 студзеня 2018 г. Францішка на плошчы св. Пятра слухалі 15 тыс. вернікаў.

“Два вялікіх народы”, назваў чылійцаў і перуанцаў Папа. Ён падзякаваў грамадзянскім уладам і епіскапатам за сардэчны прыём. Асобнае слова падзякі было выказана валанцёрам, якіх у двух краінах разам было каля 40 тыс.

Святы Айцец не хаваў і складанасцяў, якія сустрэлі яго падчас пілігрымкі. “Майму прыезду ў Чылі папярэднічалі дэманстрацыі пратэсту, якія адбываліся па розных прычынах, як можна было прачытаць у прэсе. І гэта зрабіла дэвіз майго візіту яшчэ больш актуальным і жывым: “Спакой мой даю вам”. Гэтыя словы Езуса да вучняў мы паўтараем на кожнай св. Імшы. (...) Не толькі кожны з нас мае патрэбу ў дары спакою, але і сучасны свет, які перажывае “фрагментарную сусветную вайну”. Прашу вас вельмі: маліцеся за мір!”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што падчас сустрэч з палітычнымі і грамадзянскімі ўладамі ён падтрымаў развіццё чылійскай дэмакратыі, нагадваючы, што тут важна ісці шляхам “слухання”: асабліва бедных, маладых і пажылых людзей, мігрантаў. Трэба таксама “слухаць” Зямлю.

Падчас першай Эўхарыстыі ён заклікаў чылійцаў да блізкасці, абмену, каб умацаваць такім чынам тканіну касцёльнай супольнасці і грамадства. “У гэтым стылі блізкасці больш лічацца жэсты, чым словы, і адзін з самых важных жэстаў, якія я меў магчымасць зрабіць, візіт у жаночую турму ў Сант’яга: твары гэтых жанчын, многія з якіх маладыя маці з немаўлятамі на руках, выказвалі, не гледзячы ні на што, вялікую надзею. Я заахвоціў іх патрабаваць ад сябе і інстытутаў сур’ёзнага працэсу падрыхтоўкі да рэінтэграцыі, як перспектыве, якая дае сэнс штодзённаму адбыванню пакарання”, - нагадаў Папа.

Францішак правёў сустрэчы і з святарамі і біскупамі, якія назваў “вельмі інтэнсіўнымі” і “плённымі”, асабліва ў кантэксце “агульных пакут з-за некаторых ран, якія закранулі Касцёл у гэтай краіне”.

Асобна Пантыфік узгадаў сустрэчу з моладдзю і візіт у Чылійскі каталіцкі ўніверсітэт. Гэтыя два пункты падарожжа, “адказвалі ключавой задачы, якой з’яўляецца прапанаванне выдатнага сэнсу жыццю новых пакаленняў”. Тут каталіцкія навучальныя ўстановы могуць прапанаваць мадэль універсітэцкага інтэгральнага фармавання, якая спалучае каталіцкую тоеснасць з здольнасцю ўдзельнічаць у стварэнні адзінага і плюралістычных грамадства, дзе канфлікты не хаваюць, а кіруюць імі на шляху дыялогу, перакананы Папа.

Сустрэча з народамі перуанскай Амазоніі выдатна засведчыла, што ў грамадстве важная не стэрыльная аднастайнасць, але багацце адрозненняў, у тым ліку гістарычных і культурных, заўважыў Пантыфік. Звяртаючыся да палітычных і грамадзянскіх уладаў Перу, ён заклікаў цаніць багацце навакольнага асяроддзя, культурны і духоўны складнікі, і засяродзіўся на двух пытаннях, якія сур’ёзна пагражаюць гэтаму: экалагічнай і сацыяльнай дэградацыі, а таксама карупцыі.

Францішак узгадаў сваю першую св. Імшу ў Перу, на беразе акіяна, недалёка ад горада Трухільё. Там ён нагадаў пра праблемы перуанскага грамадства: мафія, адсутнасць адукацыі, занятасці і бяспечнага жылля.

Маладым перуанцам Папа нагадаў пра святых, якія не гублялі час на “макіяж” свайго вобразу, але ішлі за Хрыстом, Які глядзеў на іх з надзеяй. “Давайце маліцца за гэтыя два брацкіх народы Чылі і Перу, каб Пан благаславіў іх”, - завяршыў падвядзенне вынікаў свайго лацінаамерыканскага падарожжа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.