2018-01-22 14:36:00

Францішак да перуанцаў: абвяшчаць у сучасных гарадах надзею


“Проціяддзем да глабалізацыі абыякавасці” назваў Евангелле Францішак у сваёй гаміліі падчас “развітальнай” св. Імшы ў Ліме. Вакол алтара на тэрыторыі авіябазы “Лас-Пальмас” сабраліся 1 300 000 чалавек.

Папа падкрэсліў, што Бог застаецца Эмануэлем – “Богам-з-намі” ў любой сітуацыі, асабліва ў атмасферы сучасных гарадоў, дзе боль і несправядлівасць перажываюцца кожны дзень, што нараджае ў чалавеку спакусу ўцячы, схавацца, вырвацца. Пантыфік нагадаў, што многія тут успрымаюцца як “не-грамадзяне”, “паўграмадзяне” або нават “муніцыпальныя адходы”, якія жывуць на ўзбочыне без годных умоваў. Сярод іх шмат дзяцей і падлеткаў.

Гэта ўсё, на думку Францішка, можа ў канчатковым выніку прывесці да недаверу, “прасторы абыякавасці”, якая робіць чалавека ананімным і глухім да іншых; робіць людзей безасабовымі істотамі з спаленымі сэрцамі, здольнымі раніць душу іншых. 

Езус заклікае сваіх вучняў “глядзець на тое, што да гэтага часу не заўважалі, паказвае на новыя прыярытэты”. “Езус, як і ўчора, ходзіць па нашых дарогах, усё яшчэ стукае ў дзверы, стукае ў сэрцы, каб развесці агонь надзеі і мараў: каб прыніжэнне пераадолець братэрствам, каб несправядлівасць была зрынута салідарнасцю, а насілле сцішана зброяй міру”, - сказаў Пантыфік.

Францішак перакананы: Езус там, дзе мы сведчым пяшчоту і спачуванне, дзе не баімся стварыць прастору для таго, каб сляпы змог бачыць, кульгавы хадзіць, пракажоны ачысціцца, а глухі чуць. “Як Езус зможа дабрацца да многіх месцаў, калі не хапае смелых і адважных сведкаў?”, - паставіў пытанне Святы Айцец і дадаў, што кожны закліканы стаць вучнем-місіянерам, каб разам са Збаўцам ісці па гарадах і абвяшчаць: “Вітай, Пан з табою!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.